MAP

Сястра Івон Рэнгот Сястра Івон Рэнгот  (salesiane di don bosco)

Унутраны погляд: якім Льва XIV ведае яго былая супрацоўніца

Французская манахіня, сястра Івон Рэнгот, якая працавала з кардыналам Робертам Прэвостам у Дыкастэрыі па справах біскупаў, распавядае пра асаблівасці характару новага Папы, падкрэсліваючы яго ўменне слухаць і спакой у прыняцці рашэнняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сястра Івон, адна з трох жанчын, якія працуюць у Дыкастэрыі па справах біскупаў, у інтэрв'ю для ватыканскіх СМІ падзялілася сваімі ўражаннямі пра новага Папу Льва XIV, з якім яна супрацоўнічала, калі ён быў прэфектам гэтай Дыкастэрыі.

Кружыла шмат імёнаў, але я думала пра кардынала Прэвоста

" Кружыла шмат імёнаў, але я думала пра кардынала Прэвоста. Гэта рашэнне вельмі мяне кранула", - гаворыць манахіня, выказваючы вялікую радасць з выбару свайго былога кіраўніка на Пасаду Пятра. Яна не змагла 8 мая 2025 года прысутнічаць на ватыканскай плошчы, каб убачыць новага Пантыфіка, бо затрымалася за некалькі метраў ад каланады і даведалася пра выбар 267-га Папы са свайго мабільнага тэлефона.

Як прэфект Дыкастэрыі кардынал Прэвост праяўляў прастату і адкрытасць

Апісваючы стыль кіравання новага Папы, салезіянка падкрэслівае яго прастату і калегіяльнасць. Паводле яе слоў, будучы прэфектам, ён звяртаў вялікую ўвагу на тое, каб профіль кандыдатаў на біскупаў адпавядаў лініі Папы Францішка – каб яны ў сваіх дыяцэзіях прымалі евангельскі стыль, былі сапраўднымі пастырамі народа, здольнымі жыць у блізкасці з святарамі і вернікамі.

"Кардынал Прэвост, сёння Папа Леў XIV, перажываў усё гэта з уменнем слухаць і паглыбляць веды пра рэальнасці, каб зразумець і растлумачыць тое, што патрабавала тлумачэння", - адзначае манахіня.

Я заўважыла глыбокую далікатнасць, але таксама пачуццё адказнасці

Асаблівую ўвагу сястра Рэнгот звяртае на далікатнасць і адказнасць новага Папы ў падыходзе да складаных пытанняў, уключаючы праблемы злоўжыванняў і маральнасці. На яе думку, Леў XIV, які непасрэдна ўдзельнічаў у абодвух сінадальных сходах, з самага пачатку свайго першага выступлення выказаў перакананасць у важнасці сінадальнага шляху для абнаўлення Касцёла.

Сястра Івон таксама падзялілася асабістым досведам супрацоўніцтва з будучым Папам, калі ўпершыню тры жанчыны былі прызначаны ў Дыкастэрыю па справах біскупаў.

"Калі ён стаў прэфектам, я вельмі канкрэтна магла адчуць з яго боку адкрытасць, супрацоўніцтва, давер і прызнанне адказнасці жанчын у Касцёле, а таксама таго, што яны могуць унесці", - адзначае манахіня.

Свет мае пэўныя чаканні адносна Касцёла

У заключэнні сястра Рэнгот падкрэслівае, што новага Пантыфіка чакаюць важныя выклікі, асабліва ў сферы міру, але ён не адзін у гэтай місіі. "Ён – пастыр, які вызначае накірунак, але за ім і разам з ім увесь Касцёл павінен адчуць гэтую адказнасць", - падсумоўвае яна, выказваючы давер да сілы новага Наступніка Пятра.
 

13 мая 2025, 10:38