MAP

Падчас прысягі швейцарскіх гвардзейцаў Падчас прысягі швейцарскіх гвардзейцаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Швейцарская гвардыя адклала прысягу да кастрычніка

Папская швейцарская гвардыя перанесла цырымонію прысягі 2025 года з 6 мая на 4 кастрычніка ў сувязі са смерцю Папы Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новая дата цырымоніі, якая адбудзецца 4 кастрычніка 2025 года ў 17.00, сімвалічна супадае з днём святога Францішка Асізскага, паведаміла Папская швейцарская гвардыя ў сваім афіцыйным камунікаце 31 мая 2025 года.

Першапачаткова цырымонія прысягі была запланавана на 6 мая 2025 года, аднак у сувязі са смерцю Папы Францішка мерапрыемства было адкладзена. Гэта традыцыйная падзея, падчас якой новыя гвардзейцы прысягаюць на вернасць Святому Айцу і Касцёлу, цяпер адбудзецца ў дзень, прысвечаны нябеснаму апекуну памерлага Пантыфіка.

Як адзначаецца ў заяве швейцарскай гвардыі, "дадатковая інфармацыя аб ходзе цырымоніі будзе паведамлена ў належны час". Выбар новай даты падкрэслівае глыбокую павагу гвардыі да памяці Папы Францішка.

Цырымонія прысягі Папскай швейцарскай гвардыі з'яўляецца адной з самых старажытных традыцый Ватыкана. Яна праводзіцца штогод 6 мая ў памяць аб гераічнай абароне Рыма ў 1527 годзе, калі 147 швейцарскіх гвардзейцаў аддалі сваё жыццё, абараняючы Папу Клімента VII. Падчас урачыстай цырымоніі ў двары Сан-Дамаса маладыя воіны ў традыцыйных каляровых мундзірах прысягаюць служыць Святому Айцу "вочы ў вочы са смерцю".
 

31 мая 2025, 11:59