Сінод гатовы да новага этапу пад кіраўніцтвам Папы Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ліст ад 12 мая 2025 года, падпісаны кардыналам Марыа Грэкам, генеральным сакратаром Сінода, і яго намеснікамі, выказвае падзяку за абранне новага Пантыфіка і гатоўнасць працягваць працу, пачатую пры Папу Францішку.
Сінод – гэта касцельны шлях, які вядзе Дух Святы
"Сінод – гэта касцельны шлях, які вядзе Дух Святы, дар Уваскрослага, які дапамагае нам узрастаць як місіянерскаму Касцёлу ў пастаянным навяртанні, пачынаючы са слухання Евангелля", - гаворыцца ў лісце.
Сінадальны працэс, скліканы Папам Францішкам, ахоплівае ўвесь Божы народ у супольным працэсе, дзе кожны ўносіць свой уклад у распазнанне крокаў, якія трэба зрабіць, у адпаведнасці з атрыманымі харызмай, пакліканнем і служэннем.
Як паведамляюць у Генеральным сакратарыяце, працэс, які пачаўся ў 2021 годзе з этапу слухання Божага народа, завяршыў фазу распазнання пастыраў з XVI Генеральнай асамблеяй Сінода і зацвярджэннем Заключнага дакумента Папам Францішкам.
Указанні Заключнага дакумента ўжо цяпер могуць быць прыняты ў мясцовых Касцёлах
"Указанні гэтага дакумента ўжо цяпер могуць быць прыняты ў мясцовых Касцёлах і групах Касцёлаў, з улікам разнастайных кантэкстаў, таго, што ўжо зроблена, і таго, што яшчэ трэба зрабіць, каб заўсёды лепш вучыцца і развіваць уласны стыль місіянерскага сінадальнага Касцёла", - адзначаецца ў лісце з цытаваннем уводнай заўвагі дакумента.
У той жа час працуюць даследчыя групы, каб прадставіць Папу Льву XIV прапановы для прыняцця рашэнняў, якія закрануць увесь Касцёл.
У заключэнні ліста выказваецца ўпэўненасць у тым, што пад кіраўніцтвам новага Пантыфіка Касцёл будзе працягваць развівацца як "уважлівы да слухання, блізкі да кожнага чалавека, здольны будаваць сапраўдныя і гасцінныя адносіны, сапраўдны дом і сям'я Божая, адкрытая для ўсіх: сінадальны місіянерскі Касцёл". Генеральны сакратарыят Сінода пацвярджае сваю гатоўнасць "прапанаваць сваё служэнне ў духу супрацоўніцтва і паслушэнства".