60 тысяч пілігрымаў з'едуцца ў Рым на Юбілей сем'яў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Маштабная юбілейная падзея, якая пройдзе з 30 мая па 1 чэрвеня 2025 года, стане адным з найбуйнейшых сходаў сем'яў у гісторыі Вечнага горада. Пілігрымы прыедуць з усіх кантынентаў, асабліва шматлікія групы чакаюцца з Італіі, Іспаніі, ЗША, Польшчы і Партугаліі. Сярод удзельнікаў будуць прадстаўлены шматлікія дыяцэзіі, асацыяцыі і рухі.
"Дыялогі з горадам" – культурныя, мастацкія і духоўныя падзеі
Першы дзень юбілею, 30 мая, з 8.00 да 17.00 будзе прысвечаны пілігрымкам да Святых Брам папскіх базілік. З 10.00 пачнуцца традыцыйныя "Дыялогі з горадам" – культурныя, мастацкія і духоўныя падзеі на плошчах гістарычнага цэнтра Рыма.
У суботу, 31 мая, пілігрымкі да Святых Брам працягнуцца ў той жа часавы прамежак з 8.00 да 17.00, аднак Святая Брама ватыканскай базілікі будзе недаступная з 8.00 да 14.00 па арганізацыйных прычынах.
"Святкаванне сям'і" з музыкай і сведчаннямі
Кульмінацыйным момантам суботы стане "Святкаванне сям'і" і малітоўнае чуванне на плошчы Святога Яна на Латэране з 18.30 да 20.00, дзе пройдзе малітва Ружанца ў завяршэнне месяца, прысвечанага Багародзіцы. Вечар правядзе вядомая італьянская тэлевядучая Ларэна Б'янкеці з удзелам акцёра Джавані Шыфоні, хрысціянскіх музычных груп “The Sun” і “Gen Verde”, а таксама юнага саксафаніста Альфіа Руса.
Падчас мерапрыемства будуць раздадзены 10 тысяч экзэмпляраў новага выдання "Бібліі дзіцяці" ад папскага фонду "Дапамога Касцёлу ў патрэбе” на пяці мовах: італьянскай, ангельскай, іспанскай, французскай і партугальскай.
Папа ўзначаліць Эўхарыстыю на Плошчы Святога Пятра
Завершыцца Юбілей у нядзелю, 1 чэрвеня, Эўхарыстыяй на Плошчы Святога Пятра. Яе ўзначаліць у 10.30 Папа Лаў XIV. Удзел у ёй вольны і не патрабуе білетаў, паведамляе прэс-служба Юбілею 2025 года.