Extra omnes – Усім выйсці
Тэкст: Паола Руфіні / адаптацыя: Беларуская рэдакцыя Vatican News
Калі кардыналы ўваходзяць у Сікстынскую капэлу і гучыць традыцыйнае "Extra omnes" ("Усім выйсці"), пачынаецца асаблівы час – час таямніцы і распазнання. У сваёй аўтарскай калонцы на “Vatican News” прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні разважае пра гэты момант і пра сутнасць служэння ў Касцёле (ПОЎНЫ ТЭКСТ).
Служыць, а не панаваць
"У гэты падвешаны час увесь свет задаецца пытаннем, хто стане 267-м Біскупам Рыма," - піша Руфіні, адзначаючы, што ўсе так ці інакш уцягнутыя ў гэты працэс, хоць і выключаныя фізічна з месца, дзе пераемнікі апосталаў-кардыналаў, сабраныя і захаваныя ў таямніцы Капэлы, выберуць "слугу слуг Божых", паклiканага весці Касцёл.
“Як можа слуга быць на чале народа? На чале Касцёла?”
На гэтае пытанне Езус даў адказ словамі, якія нам дагэтуль цяжка зразумець: "Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх" (Мк 10, 42-45).
Таямніца Пятра
"Extra omnes. Гэтае правіла парушае той падвешаны час паміж "цяпер" і "яшчэ не", калі нават кардыналы (народ Божы, які чакае свайго пастыра, ведае гэта, верыць у гэта, просіць гэтага) пакліканы ўвайсці ў таямніцу", - падкрэслівае Руфіні.
Італьянскі журналіст нагадвае, што Пётр – гэта таямніца, якая дае нам упэўненасць. Ён той рыбак, якому Езус паабяцаў, што зло не пераможа: "ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго" (Мц 16,18).
"Пётр – гэта таямніца міласэрнасці і любові, еднасці і слухання. Рыбак, які памыляецца ў сваіх разліках; які ўзрушаны праводзіць усю ноч у моры, не злавіўшы ніводнай рыбы; які потым закідвае сеткі з іншага боку толькі па слову незнаёмца. І які ў рэшце рэшт разумее, што той, хто гаворыць – гэта яго Настаўнік."
Слёзы і моц
"Пётр – гэта дараваны грэшнік: той абраны, які перш чым радавацца, горка плакаў пасля здрады. Як Юда. Але ён плача. Ён плакаў", - заўважае Руфіні.
“У слязах апостала – уся яго таямніца. І таямніца Касцёла. Гэтыя слёзы, магчыма, з'яўляюцца ключамі да Валадарства. Гэта ключы Пятра і яго таямніцы: магутная слабасць менавіта таму, што яна не ззяе ўласным святлом. Скала, хоць ён ёю не быў. Менавіта таму ён умацоўвае нас усіх у веры”, - заключае прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Ватыкана.