MAP

Разбурэнні ў Сектары Газа Разбурэнні ў Сектары Газа  (MAJDY JILDAH)

Паралін: спыніць удары па Газе, заключыць перамір'е ва Украіне

Непрымальнасць сітуацыі ў Сектары Газа, выбух антысемітызму ў Вашынгтоне, неабходнасць распачаць перамовы паміж Расіяй і Украінай і пачатак пантыфікату Льва XIV – такія тэмы закрануў кардынал Паралін у інтэрв'ю галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тое, што адбываецца ў Газе, недапушчальна. Дзеці паміраюць з голаду, насельніцтва знясілена, а на школы і шпіталі падаюць бомбы. “Міжнароднае гуманітарнае права павінна дзейнічаць заўсёды і для ўсіх. Мы заклікаем спыніць бамбардзіроўкі і аказаць неабходную дапамогу насельніцтву: я лічу, што міжнародная супольнасць павінна зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец гэтай трагедыі. У той жа час мы настойліва заклікаем ХАМАС неадкладна вызваліць усіх захопленых у палон і вярнуць целы тых, хто быў забіты пасля варварскага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года”, - заявіў Дзяржсакратар.

На просьбу Тарніелі пракаментаваць нядаўні тэракт у Вашынгтоне, дзе былі забітыя два супрацоўнікі ізраільскага пасольства, кардынал Паралін адказаў, што падзея “глыбока ўзрушыла” яго, бо гэтыя людзі, як і ахвяры нападу 7 кастрычніка, – нявінныя ахвяры. Больш за тое, яны працавалі дзеля міру і гуманітарных ініцыятыў. “Мы павінны быць пільнымі і не дапусціць, каб рак антысемітызму, які ніколі цалкам не быў пераможаны, атрымаў магчымасць распаўсюдзіцца зноў”, - папярэдзіў Дзяржсакратар.

Што тычыцца гіпотэзы аб правядзенні мірных перамоў па Украіне ў Ватыкане, іерарх падкрэсліў, што Папа Леў XIV выказаў гатоўнасць Святога Пасада стаць пляцоўкай для перамоў – нейтральнай і абароненай. Гэта не было пасрэдніцтвам, бо пасрэдніцтва павінна быць запатрабаваным бакамі, а толькі публічнай прапановай месца для магчымай сустрэчы. Цяпер разглядаюцца і іншыя месцы, напрыклад, Жэнева. “Не важна, дзе будуць праходзіць перамовы паміж рускімі і ўкраінцамі, на якія мы ўсе спадзяемся. Што сапраўды важна, гэта тое, каб яны нарэшце пачаліся, бо трэба тэрмінова спыніць вайну. Перш за ўсё неабходна перамір'е, каб пакласці канец разбурэнням, знішчэнню гарадоў, гібелі мірных жыхароў. Затым неабходна дасягнуць стабільнага, справядлівага і трывалага міру, які будзе прыняты і ўзгоднены абодвума бакамі.

Слова "мір" прагучала ў першыя хвіліны пасля абрання новага Пантыфіка. Леў XIV працягвае рашуча ісці па шляху сваіх папярэднікаў. “Папа і ўвесь Святы Пасад прыкладаюць усе намаганні, каб будаваць мір і падтрымліваць любыя ініцыятывы дыялогу і перамоў”, - сказаў кардынал Паралін.

У адказ на гаворкі пра аднаўленне "пратаганізму" Ватыкана на сусветнай арэне Дзяржсакратар нагадаў словы Льва XIV аб тым, што трэба знікнуць, бо “галоўным героем з’яўляецца Хрыстус”. Хрысціяне не лічаць сябе вышэйшымі за іншых, а хутчэй закліканы быць "малюсенькай закваскай у цесце”, каб сведчыць пра любоў, адзінства і мір, - нагадаў ватыканскі дыпламат.

Каментуючы заклік Папы да “іншага тыпу камунікацыі”, які прагучаў на яго сустрэчы з журналістамі, кардынал Паралін адзначыў, што падчас вайны роля журналістаў і камунікатараў асабліва каштоўная. Папа заклікаў пазбягаць агрэсіўнай мовы і заўсёды шукаць праўду з пакорнай любоўю. Словы могуць стаць прыладамі вайны, але таксама і сродкамі паразумення, дыялогу і братэрства. “Мір пачынаецца ў кожным з нас, і мы закліканы будаваць яго, пачынаючы з нашай камунікацыі”, - нагадаў іерарх.

Дзяржсакратар адзначыў таксама, што кампетэнтныя органы правялі праверкі дзеянняў некаторых кіраўнікоў дыкастэрый Рымскай курыі адносна паведамленняў пра выпадкі злоўжыванняў у той час, калі яны займалі пасады дыяцэзіяльных біскупаў. Было ўстаноўлена, што гэтыя справы разглядаліся ad normam iuris, гэта значыць у адпаведнасці з дзеючымі нормамі, і былі перададзены на разгляд у кампетэнтныя дыкастэрыі. Праверкі, праведзеныя адпаведнымі ўстановамі, не выявілі ніякіх парушэнняў у дзеяннях тых дыяцэзіяльных біскупаў.

Узяўшы імя Льва XIV, новы Папа ўступіў у пераемнасць з Львом XIII, аўтарам “Rerum Novarum”. Тады выклікам была індустрыяльная рэвалюцыя, сёння – лічбавая рэвалюцыя і штучны інтэлект. “Мы чакаем разважанняў пераемніка Пятра на гэтую тэму”, - сказаў кардынал Паралін, дадаючы, што, на яго думку, адказ не ў бяздумным прыняцці і не ў дэманізацыі тэхналогій. Тэхналогіі павінны заставацца інструментамі і заўсёды выкарыстоўвацца для дабра. Нельга даваць машынам права прымаць рашэнні пра жыццё ці смерць чалавека. Неабходна таксама сачыць за тым, каб штучны інтэлект не выкарыстоўваўся ў якасці прылады прапаганды. Нагадваючы пра зняволеных журналістаў, Леў XIV казаў пра мужнасць тых, хто бароніць годнасць, справядлівасць і права народаў быць інфармаванымі, бо “толькі інфармаваны народ здольны рабіць свабодны выбар”.

27 мая 2025, 15:09