MAP

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Паралін: Стамбул можа стаць сур'ёзным пачаткам канца вайны

Кардынал П’етра Паралін выказаў спадзяванне на тое, што перамовы ў Стамбуле стануць сур'ёзным пачаткам міру ва Украіне. Святы Пасад гатовы прапанаваць прастору для дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, упершыню пасля канклава адказваючы на пытанні журналістаў, падзяліўся спадзяваннямі наконт перамоў паміж Расіяй і Украінай, якія пачнуцца 15 мая 2025 года ў Турцыі. Гэта адбылося падчас мерапрыемства ў Грыгарыянскім універсітэце, прысвечанага тэалогіі надзеі для Украіны.

Мы спадзяёмся, што з'явяцца прасветы міру

"Мы спадзяёмся, што з'явяцца прасветы міру. Мы радыя, што нарэшце ёсць магчымасць непасрэднай сустрэчы. Спадзяёмся, што там будуць развязаны вузлы, якія існуюць да гэтага часу, і што сапраўды можна будзе распачаць шлях да міру", - заявіў кардынал Паралін. Па яго словах, сёння "заўчасна" казаць, што адбудзецца, але надзея ў тым, што Стамбул стане "сур'ёзным пунктам адліку" для завяршэння вайны.

Што тычыцца магчымага візіту Льва XIV ва Украіну ў адказ на запрашэнне прэзідэнта Зяленскага, выказанае падчас тэлефоннай размовы ў панядзелак, кардынал назваў гэта таксама "заўчасным". Ён запэўніў, што Пантыфік "зноў і зноў будзе заклікаць да спынення вайны", як ён рабіў гэта шматразова з пачатку свайго пантыфікату.

Святы Пасад застаецца гатовым прапанаваць прастору для сустрэч

"Мы застаёмся гатовымі прапанаваць прастору для сустрэч. Казаць пра пасрэдніцтва было б залішнім, але прынамсі прапанаваць добрыя паслугі, садзейнічаць сустрэчам", - дадаў Дзяржаўны сакратар, заўважыўшы, што Святы Пасад не жадае "ўмешвацца ў іншыя ініцыятывы, якія цяпер разгортваюцца".

Кардынал таксама запэўніў, што застаецца "актыўным" механізм вяртання ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію – працэс, які быў пачаты падчас місіі кардынала Матэа Дзупі. Гэты механізм уключае "абмен імёнамі праз нунцыятуры, затым праверкі на месцах і адказы". Нягледзячы на тое, што дакладныя лічбы "вельмі спрэчныя", важна, што дзеці "паступова вяртаюцца да сваіх сем'яў, у свае дамы, да сваіх блізкіх".

Папа Леў XIV – чалавек міру

Пытанні пра новага Пантыфіка таксама не засталіся без адказу. Кардынал Паралін адзначыў, што рэакцыя на выбранне Льва XIV была "вельмі станоўчай". "Новы Пантыфік паказаў сябе вельмі ўраўнаважаным. Гэта асоба, якая не толькі імкнецца да міру, але і будзе актыўна яго ствараць праз тыя масты паразумення, пра якія ён узгадаў у сваім першым звароце да вернікаў", - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар.

Што да першай замежнай паездкі новага Папы, кардынал Паралін выказаў меркаванне, што гэта можа быць Нікея, дзе адзначаць 1700-годдзе Сабора: "Гэта важны момант для Каталіцкага Касцёла, гэта важны момант для экуменізму. Безумоўна, планавалася, што туды паедзе Папа Францішак. Я мяркую, што Папа Леў пойдзе тым жа шляхам".

Кардынал таксама адзначыў, што Святы Пасад працягне працу па спыненні канфлікту ў Газе, вызваленні закладнікаў і забеспячэнні гуманітарнай дапамогі пацярпелым, што было важнай тэмай падчас перадканклаўных дыскусій, разам з трывогай пра змяншэнне колькасці хрысціян на Блізкім Усходзе.
 

15 мая 2025, 09:53