“The Papal Foundation” падтрымае новыя праекты Святога Пасада
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Штогод у Велікодны перыяд члены гэтай буйной арганізацыі здзяйсняюць пілігрымку ў Рым. Каб прайсці праз Святыя брамы папскіх базілік у Юбілейны год, у Вечны горад прыбылі каля 80 дабрачынцаў і членаў іх сем’яў. Пілігрымаў суправаджае кардынал Цімаці Долан, арцыбіскуп Нью-Ёрка.
З нагоды візіту “The Papal Foundation” паведаміла пра выдзяленне 10 мільёнаў долараў на падтрымку праектаў, што рэалізуе Апостальская Сталіца. Яшчэ 4 мільёны долараў будуць накіраваныя на аказанне тэрміновай гуманітарнай дапамогі.
Паведамляецца, што прафінансаваныя фондам праекты Святога Пасаду будуць рэалізаваныя ў больш чым 60 краінах, якія развіваюцца. Яны прадугледжваюць забеспячэнне доступу да пітной вады, будаўніцтва і рамонт школ, рэстаўрацыю касцёлаў і семінарый, будаўніцтва медыцынскіх устаноў і дапамогу пажылым святарам.
“Такое фінансаванне ляжыць у аснове нашай місіі – несці любоў Хрыста тым, хто мае ў ёй найбольшую патрэбу,” - сказаў Эдвард Фіцджэральд ІІІ, новаабраны старшыня фонда.
Акрамя грантаў, “The Papal Foundation” штогод выдзяляе стыпендыі на агульную суму 800 тысяч долараў ЗША для святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў, што дазваляе ім навучацца ў Рыме.
З моманту заснавання ў 1988 годзе “The Papal Foundation” ужо ахвяраваў больш за 250 мільёнаў долараў на фінансаванне больш чым 2800 праектаў, вызначаных Францішкам, Бэнэдыктам XVI і Янам Паўлам ІІ. У знак шчырай удзячнасці дабрачынцам Папы звычайна прымаюць іх на прыватнай аўдыенцыі падчас візіту ў Рым. Сёлета такая сустрэча не адбудзецца, бо пілігрымка супала з перыядам Sede Vacante.