Сястра Мерлецы – сакратар Дыкастэрыі па справах кансэкраванага жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З прызначэннем італьянскай законніцы, якое адбылося 22 мая 2025 года, дзве ключавыя пасады ў ватыканскай дыкастэрыі, у кампетэнцыі якой знаходзяцца справы манаскіх супольнасцей, займаюць жанчыны.
6 студзеня 2025 года Папа Францішак прызначыў прэфектам гэтага важнага ведамства сястру Сымону Брамбілу з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы.
Сястра Тыцыяна Мерлецы нарадзілася ў 1959 годзе ў невялікім мястэчку Пінэта ў рэгіёне Абруца ў цэнтральнай Італіі. У 1986 годзе яна склала першыя манаскія абяцанні ў кангрэгацыі Францішканскіх сясцёр бедных. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю, абараніла доктарскую дысертацыю па кананічным праве Касцёла ў Папскім Латэранскім універсітэце.
З 2004 па 2013 год законніца была генеральнай настаяцельніцай сваёй манаскай супольнасці. На дадзены момант з’яўляецца выкладчыцай факультэта кананічнага права Папскага ўніверсітэта “Antonianum” у Рыме, а таксама супрацоўнічае як эксперт у галіне кананічнага права з Міжнародным аб’яднаннем генеральных настаяцельніц.