Нунцый ва Украіне: трэба маліцца за мір і навяртанне сэрцаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“На чацвёртым годзе вайны ўдары па гарадах і грамадзянскай інфраструктуры не толькі не зменшыліся, але і павялічваюцца”, - падкрэсліў прадстаўнік Папы ў інтэрв’ю Святлане Духовіч з Украінскай рэдакцыі “Vatican News”. Нунцый ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны знаходзіцца ў Кіеве і з’яўляецца непасрэдным сведкам расійскіх бамбардзіровак.
“Ніводная армія ў свеце не была б у стане абараніцца ад такіх магутных удараў”, – дадаў ён, падкрэсліўшы важнасць закліку Льва XIV маліцца за мір. Ватыканскі дыпламат прызнаўся, што ў гэтым кантэксце яму прыгадваюцца словы Маці Божай Фацімскай: “Маліцеся, маліцеся, маліцеся. Малітвай вы пераможаце разбурэнні і вайну і дасягнеце навяртання сэрцаў”.
“Такім чынам, гэта – практычна адзіная зброя, якую мы маем, як Касцёл, і як чалавецтва. Я асабіста вельмі ўдзячны Святому Айцу за гэты заклік”, - падкрэсліў нунцый.
Арцыбіскуп Кульбокас расказаў, што ў нунцыятуру ў Кіеве некалькі разоў на дзень звяртаюцца сем’і або асацыяцыі сем’яў з просьбай дапамагчы ў пошуку сваіх блізкіх, ад якіх няма вестак або якія знаходзяцца ў палоне, у тым ліку і грамадзянскія асобы.
Нунцый выказаў радасць з нагоды нядаўняга маштабнага абмену ваеннапалоннымі, падкрэсліўшы, што ён стаў плёнам перамоў. “Нават калі не ўдаецца вырашыць палітычныя пытанні, дыялог карысны хаця б з гуманітарнага пункту гледжання”, - адзначыў ён.
Папскі дыпламат заўважыў, што парадаксальным чынам вяртанне ўкраінскіх грамадзянскіх асоб на радзіму ў выніку абмену адбываецца складаней, чым вяртанне ваеннапалонных, бо Украіне часта няма каго аддаць узамен. “Таму мы павінны яшчэ больш умацоўваць як малітву, так і намаганні”, - дадаў прадстаўнік Святога Айца.