MAP

Марка, прысвечаная пачатку панціфікату Папы Льва XIV Марка, прысвечаная пачатку панціфікату Папы Льва XIV 

Філатэлістычныя навінкі Ватыкана з унікальнымі тэмамі

Паштовая служба Ватыкана 27 мая 2025 года прэзентавала унікальныя філатэлістычныя серыі, прысвечаныя Папу Льву XIV, святым жанчынам і юбілеям Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўнай навінкай стала серыя маркі з чатырма наміналамі, прысвечаная пачатку пантыфікату Льва XIV. Як паведамляе Паштовая служба ў афіцыйных камунікатах, маркі надрукаваны ў Нідэрландах друкарняй “Enschedé” метадам афсетнага друку.

Серыя адлюстроўвае ключавыя моманты: выхад новага Пантыфіка на лоджыю ватыканскай базілікі пасля абрання, заканчэнне ўрачыстасці і фрагменты святой Імшы "pro Ecclesia" ў Сікстынскай капэле.

Святыя жанчыны як сведкі надзеі

Серыя "Сведкі надзеі" прысвечана святой Марыі ад Езуса Распятага Баварды – карамелітанцы з Галілеі, якая прайшла цяжкія выпрабаванні і заснавала кляштары ў Індыі і Бэтлееме. Марка выканана французскай друкарняй “Cartor” у дызайне Ар'еты Росі.

Другая марка ўшаноўвае святую Віцэнту Марыю ў 50-ю гадавіну яе кананізацыі. Заснавальніца жаночай манаскай кангрэгацыі Марыі Беззаганнай прадстаўлена праз мазаіку з капліцы Вілы Святой Марыі ў Рыме. Бельгійская друкарня “Bpost” выканала гэтае выданне з унікальнымі тэхнічнымі характарыстыкамі.

Серыя "Еўропа 2025: Нацыянальныя археалагічныя адкрыцці"
Серыя "Еўропа 2025: Нацыянальныя археалагічныя адкрыцці"

Музычная спадчына і кампакт-дыск

500-годдзе нараджэння Джавані П'ерлуіджы з Палестрыны адзначана не толькі маркай, але і спецыяльным кампакт-дыскам. Кампазітар, які быў кантарам Папскай сікстынскай музычнай капэлы лічыцца эталонам сакральнай музыкі.

Кампакт-дыск, выдадзены тыражом 3,5 тысячы экзэмпляраў па цане 12 еўра, прапануе сінтэз творчасці кампазітара праз “Missa Papae Marcelli” – найбольш вядомы з яго твораў, некалькі афертор'яў і матэтаў з Песні над песнямі.

Археалагічныя скарбы Ватыкана

Серыя "Еўропа 2025: Нацыянальныя археалагічныя адкрыцці" прадстаўляе некропалі пад Базілікай Святога Пятра і ўздоўж Віа Трыумфаліс. Гэтыя месцы сведчаць пра багатае спляценне памяці, веры і штодзённага жыцця старажытнага Рыма.

Філатэлістычны блок прысвечаны 1700-й гадавіне Першага Экуменічнага Сабора ў Нікеі 325 года
Філатэлістычны блок прысвечаны 1700-й гадавіне Першага Экуменічнага Сабора ў Нікеі 325 года

1700 гадоў Нікейскага Сабора

Асобны філатэлістычны блок прысвечаны 1700-й гадавіне Першага Экуменічнага Сабора ў Нікеі 325 года. Французская друкарня “Cartor” выканала выданне, якое адлюстроўвае фрэску Сістынскай залы Апостальскай бібліятэкі з выявай Сабора.

У цэнтры маркі размешчана кніга Евангелля, вакол якой шэраг біскупаў і папскіх легатаў, сімвалічна легітымізаваных прысутнасцю апостала Пятра і Найсвяцейшай Тройцы, асуджаюць тэзы Арыя ў прысутнасці імператара Канстанціна.

Спецыяльныя паштовыя штэмпелі

Усе выданні суправаджаюцца спецыяльнымі штэмпелямі. Новыя серыі дэманструюць разнастайнасць ватыканскай філателіі – ад сучасных касцельных падзей да старажытных археалагічных помнікаў, ад музычнай спадчыны Адраджэння да сведчанняў святых нашага часу.
 

27 мая 2025, 10:11