Міжнародная канферэнцыя ў Рыме: тэалогія надзеі для Украіны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мэтай мерапрыемства было закласці асновы новай тэалогіі – тэалогіі надзеі, якая нараджаецца з болю і пакут украінскага народа.
У першай, адкрытай, сесіі канферэнцыі ўдзельнічалі кардынал-Дзяржсакратар П’етра Паралін, і кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (УГКЦ) архіепіскап Святаслаў Шаўчук. З дакладам выступіў прафесар Міраслаў Марыновіч, дырэктар Інстытута рэлігіі і грамадства Украінскага каталіцкага універсітэта ў Львове. Яны падкрэслілі, што менавіта з веры, якая непахісна захоўваецца нават пад абстрэламі і ў разбураных гарадах, нараджаецца сапраўдная надзея. Другая сесія прайшла за зачыненымі дзвярыма ў форме круглых сталоў, вынікі якіх пакліканы закласці аснову новай мадэлі тэалагічных даследаванняў.
У сваім прывітальным звароце архіепіскуп Шаўчук падкрэсліў, што сёння ва Украіне надзея мае шмат “прасветленых абліччаў”. Ён заклікаў не саромецца “супрацьстаяць хлусні, паколькі гвалт і смерць пастаянна спрабуюць апраўдаць сябе, звяртаючыся да паклёпу і хлусні!”
Кардынал Паралін звярнуў увагу на пераемнасць пантыфікатаў Францішка і Льва XIV. "Два Папы, два галасы, аб'яднаныя адным і тым жа пачуццём, адным і тым жа евангельскім спачуваннем, аб'яднаныя тым, што намецілі шлях надзеі. Надзеі, якая нараджаецца з болю. Шлях міру, які будуецца ў праўдзе, шлях веры, які не здаецца перад абліччам логікі вайны".
Дзяржсакратар падкрэсліў, што “з лютага 2022 года вайна ва Украіне сеяла смерць і разбурэнні. Гэта глыбокая нацыянальная траўма, цэлыя гарады сталі сімваламі чалавечага болю. І ўсё ж у гэтых месцах вера не памерла, а знайшла новыя выразы", можна "сцвярджаць, што надзея ва Украіне – гэта форма ціхага мучаніцтва".
"Менавіта ў самыя змрочныя моманты хрысціянская надзея праяўляецца як дзівосная сіла, бо надзея – гэта здольнасць бачыць па-за цемрай, прызнаваць за межамі жыцця магчымасць уваскрасення. І яна нараджаецца з упэўненасці ў тым, што Бог прысутнічае ў гісторыі. Як нагадаў нам Леў XIV, зло не пераможа", - сцвердзіў кардынал Паралін.
Затым Дзяржсакратар акрэсліў тры асноўныя задачы Касцёла ва Украіне: быць побач з народам, перавязваць раны і будаваць будучыню. Гэтыя задачы выконваюцца кожны дзень: парафіі "становяцца цэнтрамі прыёму і размеркавання гуманітарнай дапамогі", моладзь далучаецца да ініцыятыў валанцёрства і салідарнасці, святары аказваюць духоўную падтрымку, дапамагаюць не паддавацца адчаю.
Кардынал Паралін нагадаў, што "хрысціянская надзея заўсёды скіравана на прымірэнне, якое патрабуе шляху праўды і аздараўлення памяці". Ён падкрэсліў значэнне абароны "каштоўнасці свабоды і Радзімы", якая адбываецца цяпер ва Украіне. Хрысціянская надзея мае місійны характар. Яна заклікае нас будаваць масты, працаваць дзеля справядлівасці, міру і прымірэння, бо ніхто не ратуецца ў адзіночку.
Іерарх узгадаў “марыйную тэалогію надзеі”, натхнёную абразом Маці Божай, які захоўваецца ў кіеўскім Сафійскім саборы. Хрысціянская надзея – не раскоша, а жыццёвая неабходнасць у часы пакут, - сцвердзіў ён.