Кветкавы герб Льва XIV з’явіўся ў Ватыканскіх садах
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На стварэнне выявы папскага гербу ватыканскім садоўнікам спатрэбілася каля двух тыдняў, улічваючы неабходнасць распрацоўкі новай кампазіцыі і яе рэалізацыі на месцы.
Блакітнае поле было зроблена з 400 саджанцаў агератума (Agerfatum Blu Star), якія выкарыстоўваліся таксама ў гербе Папы Францішка. Выява ліліі – з 50 кветак італьянскага бессмяротніка (Helichrysum italicum), вырашчаных у ватыканскіх цяпліцах.
Для стварэння светлага поля былі выкарыстаны 400 вечнаквітнеючых бягоній (Begonia semperflorens “Night Life”). На ім знаходзіцца эмблема Ордэна святога Аўгусціна: сэрца, пранізанае стралой, размешчанае над кнігай. Сэрца была выкладзена з саджанцаў ірэзінэ найбліскучай (Iresine brillantissima). Контур кнігі зрабілі ватыканскія кавалі, а ўсярэдзіне ён быў запоўнены чырвоным вулканічным каменем і белым гравіем.
Структура рамкі, у якую былі ўстаўлены дэталі герба Льва XIV, засталася такой жа, якой была падчас пантыфікату Францішка. Яна складаецца з выявы мітры, выкананай з вечназялёнага самшыту (Buxus sempervirens), якая размяшчаецца паміж двума ключамі, перавязанымі чырвоным шнурам. “Залаты ключ” быў зроблены з залатога берэсклету (Euonymus aureus), а “срэбны” – з італьянскага бессмяротніка. Чырвоны шнур летам выкладаецца з ірэзінэ, а ўзімку – з рагатай фіялкі.
Найлепшы від на фларыстычную кампазіцыю адкрываецца з купала ватыканскага сабора, куды турысты і пілігрымы могуць падняцца на ліфце або пешшу, пераадолеўшы каля 550 прыступак, ці 320, калі падняцца ліфтам да тэрасы базілікі.