Турызм і адказнасць: Святы Пасад на Сусветны дзень турызму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасланне, апублікаванае 26 мая 2025 года, у дзень памяці святога Філіпа Нэры, прадстаўляе бачанне Дыкастэрыі па евангелізацыі адносна развіцця турызму праз прызму касцельнага вучэння і сацыяльнай адказнасці.
Сёлета тэма Сусветнага дня турызму, абвешчаная профільнай Сусветнай арганізацыяй, – “Турызм і ўстойлівая трансфармацыя»” што, як падкрэсліў пра-прэфект Дыкастэрыі арцыбіскуп Рына Фізікела, цалкам сугучна з энцыклікай Папы Францішка “Laudato si'”: “Тэрміновая задача абароны нашага агульнага дома прадугледжвае адзінства ўсёй чалавечай сям'і ў пошуку ўстойлівага і поўнага развіцця”.
Клопат пра створанае – адказнасць кожнага
У дакуменце адзначаецца, што развіццё турызму прыносіць шмат новых магчымасцей для сустрэчы, дыялогу і росту ўзаемнай салідарнасці. Тым не менш, глабальная мабільнасць патрабуе асэнсаванага і адказнага выкарыстання рэсурсаў, бо кожны падарожнік мае ўплыў на здароўе людзей і прыроду.
Гэты ўплыў патрабуе не толькі індывідуальнай, але і калектыўнай адказнасці: “Нічога з таго, што атрымалі, нельга страціць. Гэтыя даброты – дар, які трэба шанаваць і бараніць”, - сцвярджаецца ў пасланні.
Вада – не маёмасць, а Божы дар
Адмысловая ўвага надаецца праблеме выкарыстання прыродных рэсурсаў. “Хто сузірае веліч вадаспадаў, павінен памятаць: вада – гэта не наша ўласнасць, яна дадзеная як дар і патрабуе павагі і абароны”, - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.
Перад турыстамі адкрываецца заданне выбудоўваць мудрыя паводзіны ва ўжыванні рэсурсаў: “Няхай адпачынак у гарах ці на моры навучыць цаніць ваду, каб яна ніколі не была змарнавана ці сапсавана”.
Справядлівасць і годнасць – аснова супольнасці
Пасланне закранае і пытанні сацыяльнай справядлівасці. Рост колькасці турыстаў выклікае спакусу ператварыць турызм у аб’ект спекуляцыі, што не раз вядзе да невыканання працоўных і маральных стандартаў. “Справядлівая аплата – законны плён працы, нельга апраўдваць яе памер выключна дамоўленасцю бакоў”, - адзначае тэкст са спасылкай на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
Арцыбіскуп Фізікела звяртае ўвагу на шэраг праблем, спадарожных турыстычнай сферы: “Перавага хуткага прыбытку вядзе да прыніжэння як работнікаў, так і турыстаў. Сапраўдны турызм заўсёды спалучаны са справядлівасцю і павагай да навакольнага асяроддзя”.
Святыні – аазісы малітвы і надзеі
Касцёл не толькі бярэ ўдзел у турызме, але і стварае ўмовы для поўнага духоўнага і чалавечага развіцця праз сетку святыняў і парафій, асабліва ў папулярных турыстычных мясцінах. “Адказнасць за святыні – гэта адказнасць за захаванне іх духоўнага характару, дзе сэрца знаходзіць суцяшэнне і надзею”, - падкрэсліваецца ў пасланні.
У кантэксце Юбілею ў кастрычніку 2025 года ў Рыме пройдзе IX Сусветны кангрэс душпастырства турызму. Гэта будзе магчымасць абмеркаваць выклікі сучаснага турызму і спрыяць яго развіццю як інструменту евангелізацыі і чалавечай годнасці.