"Мы былі адкрывальнікамі, а не творцамі Папы" – кардыналы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вынік канклава, што адбыўся 8 мая 2025 года, стаў адлюстраваннем дзеяння Духа Святога, падкрэсліваюць кардыналы. Паводле італьянскага агенцтва SIR, кардынал Жан-Поль Веско, мітрапаліт Алжыра, апісаў выбар новага Папы як момант нечаканай еднасці.
Еднасць, якая рэалізавалася на нашых вачах
"Гэта было неверагодна, як усё адбылося так хутка, так раптоўна. У пэўны момант я ўбачыў вялікую колькасць галасоў за кардынала Прэвоста. Мы былі сведкамі еднасці, якая рэалізавалася на нашых вачах, нібы незалежна ад нас. Вядома, галасавалі мы, але не было ніякіх інструкцый ці чагосьці такога," - распавёў кардынал Веско. Ён дадаў: "Я глыбока перакананы, што мы знайшлі Папу, якога выбраў Бог. Мы не былі творцамі Папы, а адкрывальнікамі Папы. Мы абралі Папу, якога выбраў Пан."
Паводле слоў пурпурата з Алжыра, новы Пантыфік прыняў свой выбар са спакоем, з закрытымі вачыма ў малітве, што сведчыла пра яго гатоўнасць да гэтай ролі. Калі яго спыталі, ці прымае ён выбар, ён адказаў "так" і праз 15 хвілін вярнуўся ўжо апрануты як Пантыфік.
Папа блізкі да людзей
"Мы абдымалі яго на знак прыняцця і паслухмянасці. Потым усе разам накіраваліся да балкона базілікі святога Пятра. Калі мы сабраліся на вячэру ў Доме Святой Марты, Леў XIV быў з намі. Ён быў Папам, але адзінае, што змянілася, гэта колер крэсла. Яно было белае", - распавёў кардынал Веско.
Мітрапаліт Алжыра падкрэслівае, што новы Пантыфік "стрыманы і пакорны", чалавек вялікай прастаты. Ён – "Папа блізкі да людзей". Уражвае яго спакой, з якім ён прыняў сваю функцыю. Усе аднадушна прызнаюць, што ён таксама чалавек, які ўмее слухаць і працаваць у камандзе. Гэта, магчыма, звязана з яго манаскай фармацыяй у аўгустынцаў, што можа быць адным з яго моцных бакоў, а "іх у яго шмат". Вядома таксама, што з ім лёгка супрацоўнічаць.
Так дзейнічае Дух Святы
Кардынал Конрад Краеўскі, папскі дабрачынца, у размове з “Vatican News” адзначыў: "Пасля заканчэння канклава відаць было ззяючыя твары ўсіх кардыналаў, а трэба ведаць, што кардыналы з усяго свету і ў большасці мы не ведалі адно аднаго".
"У сувязі з выбарам Папы я маліўся словамі ксяндза Яна Твардоўскага: “Духу Святы, ні з таго, ні з сяго, тхні на нас, на поўную”. І ён тхнуў на кардыналаў, якія аказаліся выдатным яго інструментам. Так дзейнічае Дух Святы: тузае падвоямі Сікстынскай капэлы," - падкрэсліў польскі пурпурат.
Папа памятае пра Украіну
Грэка-каталіцкі кардынал Мікола Бычок, які таксама браў удзел у канклаве, падзяліўся ўражаннямі ад гэтай гістарычнай падзеі ў інтэрв'ю для ўкраінскага канала “Жыве ТВ”.
"Калі я падышоў да яго, сказаў, што я епіскап для ўкраінцаў у Аўстраліі, Новай Зеландыі і Акіяніі. Я запэўніў яго ў сваіх малітвах і ў тым, што Украіна і Аўстралія таксама будуць маліцца за яго служэнне Богу, Касцёлу і чалавецтву. Я таксама заклікаў яго памятаць пра Украіну ў сваіх малітвах аб справядлівым міры і заканчэнні вайны", - распавёў іерарх.
Украінскі экзарх падкрэсліў, што канклаў адбыўся ў атмасферы глыбокай малітвы: "Падчас падліку галасоў ёсць шмат часу. І гэта зусім не тое, што паказана ў фільме “Канклаў”. Усё зусім інакш – шмат малітвы. Перш за ўсё гэта заклік да Духа Святога, каб Ён накіроўваў наша галасаванне і нашы дзеянні, каб сапраўды была абраная найлепшая з усіх асоба".
Паводле яго, падчас кангрэгацый перад канклавам тэма Украіны і міру ўзнімалася даволі часта. Ён таксама звярнуў увагу на супольны зварот кардыналаў да сусветных лідараў з заклікам да міру.
Выбар імя Леў XIV, паводле кардынала, можа ўказваць на жаданне новага Папы працягваць традыцыю Льва XIII, вядомага сваім сацыяльным вучэннем і імкненнем да міру.
Першыя словы новага Пантыфіка з балкона Базілікі Святога Пятра: "Мір вам", якія ён прамовіў, даюць вялікую надзею, адзначаюць кардыналы. Святы Айцец падкрэсліў, што гэта мір, які дасягаецца не толькі магутнымі гэтага свету – ён дадзены самім Хрыстом.