MAP

Падчас першай Імшы, якую Леў XIV цэлебраваў разам з Калегіяй кардыналаў у Сікстынскай капэле Падчас першай Імшы, якую Леў XIV цэлебраваў разам з Калегіяй кардыналаў у Сікстынскай капэле  (ANSA)

Новы Папа ў вачах кардыналаў: пераемнасць і адданасць

Новы Папа аб'ядноўвае ў сабе рысы Бэнэдыкта XVI і Францішка, валодае глыбокай верай і здольнасцю будаваць дыялог. Выбар кардыналаў паказвае іх жаданне працягваць шлях абнаўлення Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Некалькі дзён пасля выбрання Льва XIV, кардыналы, якія бралі ўдзел у канклаве, дзеляцца сваімі думкамі і ўражаннямі аб Наступніку Пятра. Іх сведчанні дапамагаюць зразумець, якія якасці і перспектывы яны бачаць у новым Пантыфіку, і якое бачанне будучыні Касцёла стаіць за гэтым выбарам.

Гэта чалавек веры, які не шукае ўлады, але жадае служыць

Кардынал Цімаці Долан, арцыбіскуп Нью-Ёрка, назваў Льва XIV "грамадзянінам свету", здольным будаваць масты з кожным. У інтэрв'ю турынскай газеце "La Stampa" ён расказаў, што адразу пасля выбрання паўтарыў новаму Папу словы марыйнага даручэння Яна Паўла II – "Totus Tuus" (Увесь Твой).

"Гэтыя словы – праграма жыцця, поўная адданасць, згода дазволіць сябе весці Той, якая прамовіла сваё 'так', напоўненае Ласкай. Ян Павел II зрабіў з гэтага ключ свайго існавання і сваёй дзейнасці", – падзяліўся кардынал Долан.

Амерыканскі іерарх падкрэсліў, што новы Папа з'яўляецца "чалавекам агромністай веры, укаранёным у малітве і здольным слухаць". Ён не шукае ўлады, але хоча служыць. "Менавіта гэта дазваляе мець надзею: не палітычная праграма ці камунікацыйная стратэгія, але канкрэтнае сведчанне Евангелля", - заўважыў ён.

Новы Папа атрымаў шырокую падтрымку

Паводле сведчання кардынала Вінка Пуліча, арцыбіскупа-эмерыта Сараева, выбары новага Папы прайшлі без напружанняў. У інтэрв'ю харвацкай каталіцкай радыёстанцыі “HKR” ён расказаў, што пасля таго, як кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост атрымаў неабходную двухтрацінную большасць, кардыналы ўсталі і апладзіравалі.

Гэтую думку падтрымаў і нямецкі кардынал Райнер Марыя Вёлькі. "Ён быў абраны вялікай большасцю, і пасля выбараў мы ўсе шчыра апладыравалі. Мы радаваліся разам з ім", - сказаў арцыбіскуп Кёльнскі ў інтэрв'ю касцельнаму інтэрнэт-парталу "domradio.de" 9 мая 2025 года.

Гэта будзе пантыфікат пераемнасці

Кардынал Жан-Клод Олерыш, які быў генеральным рэлятарам Сінода па сінадальнасці, перакананы, што новы пантыфікат будзе пераемнасцю магістэрыума Папы Францішка. "Менавіта гэтага хацела большасць кардыналаў", - падкрэсліў ён у размове з італьянскай "Avvenire".

"Дзякуючы яго ўдзелу ў сінадальных працах, мы маем Папу, які не толькі разумее сутнасць сінадальнасці, але і ўвасабляе яе ў жыццё. У Касцёле адбудзецца не рэвалюцыя, а натуральная эвалюцыя. Менавіта такі падыход забяспечвае найбольш трывалыя змены", - сцвярджае іерарх.

Еднасць замест палярызацыі

Арцыбіскуп Люксембургскі падкрэсліў, што адзінства Касцёла – адна з галоўных каштоўнасцей для новага Пантыфіка. Леў XIV будзе імкнуцца не дапусціць, каб раздзяленні і супрацьстаянні, якія сёння назіраюцца ў грамадстве, пранікнулі ў касцельнае жыццё. "У Касцёле ўсе мы – вучні Хрыста. Калі важнейшым становіцца штосьці іншае, гэта азначае, што мы аддаліліся ад Пана", - заўважыў Олерыш.

Выбар, зроблены кардыналамі, даказвае, што большасць з іх хоча ісці наперад, а не вяртацца назад. Кардынал выказаў перакананне ў тым, што Леў XIV будзе ісці шляхам сінадальнасці, бо сам адчуў, што менавіта яна робіць Касцёл больш місіянерскім.

Іерарх адзначыў, што кардыналы выбралі "чалавека малітвы, вучня Хрыста, стырніка, які ўмее кіраваць Касцёлам сярод хваль сучаснага свету".
 

10 мая 2025, 11:24