Дзяржсакратар у ААН: Леў XIV заклікае да дыпламатыі сустрэчы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы нагадаў у сваёй прамове, што Леў XIV “уже ў першыя дні свайго служэння выказаў сваю глыбокую прыхільнасць да будавання мастоў, падкрэсліваючы неабходнасць сустрэчы, дыялогу і перамоваў”.
“У свеце, пазначаным падзеламі, канфліктамі і глабальнымі праблемамі – ад змянення клімату да міграцыі і штучнага інтэлекту – Папа Леў заклікае нас прыняць дыпламатыю сустрэчы. Гэта дыпламатыя, якая слухае з пакорай, дзейнічае з міласэрнасцю і перш за ўсё шукае супольнае дабро”, - сказаў іерарх.
“Святы Пасад пад яго кіраўніцтвам абяцае супрацоўнічаць з вамі, прадстаўнікамі народаў, дзеля прасоўвання годнасці чалавека, абароны ўразлівых і будавання мастоў там, дзе можа ўсталявацца недавер”, - дадаў кардынал П’етра Паралін.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што ААН павінна заставацца пляцоўкай, на якой краіны вядуць дыялог, даносяць голас сваіх народаў і шукаюць вырашэння найвялікшых праблем чалавецтва.
“Ваша роля як прадстаўнікоў дзяржаў мае вырашальнае значэнне для ткацтва тканіны міжнароднага супрацоўніцтва”, - адзначыў ён, запэўніўшы, што Святы Пасад цэніць ахвярныя намаганні, якія прыкладаюцца краінамі для захавання міру і справядлівасці.
“Візія Папы Льва супадае з гэтым высакародным заданнем: ён надае перавагу дыпламатычнай дзейнасці, заснаванай на стаўпах міру, справядлівасці і праўды. Таму Святы Пасад, верны праўдзе і справядлівасці, будзе і надалей прапаноўваць свой маральны голас на абарону бедных і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, а таксама дзеля служэння міру і ўсебаковаму чалавечаму развіццю”, - сказаў кардынал Паралін, заклікаўшы ўсіх разам адгукнуцца на заклік Святога Айца і стаць тымі, хто сее мір, што застанецца ў гісторыі, а не тымі, хто пажынае ахвяры.