Кардынал Паралін стаў лаўрэатам прэміі Фонду “Шлях да міру”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэмія Фонду “Шлях да міру” – гэта штогадовая ўзнагарода, якая ўручаецца асобам ці ўстановам за іх унёсак у развіццё міру і ўрэгуляванне канфліктаў. Сярод лаўрэатаў – Лех Валенса, Кофі Анан, Антоніу Гутэрыш, кароль Іарданіі Абдала II і каралева Ранія, і іншыя.
У сваёй прамове Дзяржсакратар адзначыў, што мерапрыемства адбываецца ў гістарычны перыяд як для Касцёла, так і для ўсяго свету, калі здарыліся такія падзеі, як смерць Папы Францішка і абранне яго пераемніка Льва XIV. Гэта быў час смутку і перамен, але таксама і знак надзеі і пераемнасці, які сведчыць пра працяг апостальскай місіі абвяшчэння міру.
Ад імя Святога Пасада і Дзяржаўнага сакратарыята кардынал Паралін выказаў удзячнасць за ўзнагароду, якая, па яго словах, з’яўляецца данінай павагі ўсім людзям, якія падтрымліваюць Папу ў Яго місіі.
Іерарх нагадаў пра ролю Святога Пасада ў пабудове глабальнага міру, асабліва ў рамках супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Ён працытаваў ключавыя пасланні і заклікі Пантыфікаў да міру і справядлівасці. Папа Павел VI падкрэсліваў, што сапраўдны мір павінен грунтавацца на ўзаемным даверы і пакоры, і што ён вырастае з сапраўднай трансфармацыі свядомасці, з глыбокага навяртання сэрца, якое ў хрысціянскай традыцыі завецца "метанояй". Святы Папа Ян Павел II сцвярджаў, што сапраўдны мір грунтуецца на павазе да чалавечай годнасці, духоўнай свабодзе і маральных ісцінах, захаваных у сэрцы чалавека. Ён заклікаў будаваць “цывілізацыю любові”, заснаванай на ўніверсальных каштоўнасцях міру, салідарнасці, справядлівасці і свабоды". Бэнэдыкт XVI лічыў, што міжнароднае супрацоўніцтва павінна грунтавацца на этычных прынцыпах і павазе да чалавечай годнасці, а не на простым разліку інтарэсаў ці адвольным ужыванні ўлады. Ён падкрэсліваў, што абарона чалавечай годнасці з'яўляецца абавязкам не толькі асобных дзяржаў, але і ўсяго чалавецтва. Папа Францішак нагадваў пра ўзаемасувязь аховы навакольнага асяроддзя і сацыяльнай справядлівасці, смела крытыкаваў пануючую "культуру адкідаў", якая пакідае на ўзбочыне бедных і ўразлівых.
“Традыцыя працягвае жыць”, - адзначыў кардынал Паралін. Першымі словамі новаабранага Папы Льва XIV былі словы пра мір: “Cупакой Уваскрослага Хрыста – гэта бяззбройны супакой і супакой, які абяззбройвае, супакой пакорны, настойлівы і паходзіць ад Бога, які безумоўна любіць усіх”.
Тлумачачы выбар свайго імя, новы Папа асабліва вылучыў энцыкліку "Rerum Novarum" Льва XIII, робячы акцэнт на праблемах штучнага інтэлекту, які “ставіць новыя задачы ў галіне абароны чалавечай годнасці, справядлівасці і працы". “Давайце будзем згадваць Святога Айца ў нашых малітвах і прасіць благаслаўлення Пана, каб умацаваў яго ў служэнні”, - заклікаў Дзяржсакратар.
“Шлях да міру павінен быць пракладзены з цярпеннем і настойлівасцю, з мужнасцю і творчым падыходам. Папы паказалі нам шлях. Мы павінны ўсвядоміць нашу фундаментальную ўзаемасувязь як членаў адзінай чалавечай сям'і, кожны з якіх надзелены непарушнай годнасцю і адказнасцю клапаціцца аб агульным дабрабыце. Паколькі мы стаім на плячах тых, хто нястомна працаваў у імя міру да нас, давайце памятаць, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, гэтая высакародная "сям'я нацый", павінна пастаянна абнаўляцца не толькі інстытуцыйна, але і маральна і духоўна. Сапраўднай мерай поспеху будуць не толькі міжнародныя дагаворы або рэзалюцыі, але і сапраўдная трансфармацыя чалавечага сэрца ў кірунку большай справядлівасці, спагады і павагі да годнасці кожнага чалавека”, - сказаў кардынал Паралін.
Напрыканцы прамовы Дзяржсакратар падзякаваў Фонду "Шлях да міру" за шчодрасць, якая дазваляе “сям'і нацый” пачуць голас Папы, а таксама ўшанаваў памяць заснавальніка фонду кардынала Рэната Марціна.