Кардынал Паралін пра сацыяльнае вучэнне Касцёла як маральны компас
Марыя Валодзіна - Vatican News
"У эпоху, пазначаную палітычнымі, культурнымі і ідэалагічнымі рознагалоссямі, мы стаім на ростанях", - сказаў Дзяржаўны сакратар. "Глабальныя праблемы, такія як змена клімату, эканамічная няроўнасць, міграцыя і тэхналагічныя інавацыі, патрабуюць супрацоўніцтва, але часта пераважаюць недавер і фрагментацыя", - папярэдзіў ён.
Называючы сацыяльнае вучэнне Касцёла "дынамічнай традыцыяй", а не жорсткай ідэалогіяй, іерарх нагадаў аб тым, што яно заснавана на Евангеллі і стагоддзях разважанняў. Яго асноўныя прынцыпы – чалавечая годнасць, агульнае дабро, салідарнасць, субсідыярнасць і клопат аб стварэнні – прапануюць універсальны маральны компас для пабудовы справядлівага грамадства.
Кардынал Паралін вылучыў тры фундаментальныя ўнёскі, якія можа зрабіць сацыяльнае вучэнне Касцёла: чалавечая годнасць як аснова кіравання; агульнае дабро як яго мэта; і баланс субсідыярнасці і салідарнасці.
Прынцып чалавечай годнасці "кідае выклік сістэмам, якія зводзяць людзей да эканамічных адзінак або палітычных пешак. Гэты прынцып патрабуе палітыкі, якая б аддавала прыярытэт найбольш уразлівым - бежанцам, бедным, пажылым людзям, ненароджаным, а не ўладзе або прыбытку.
Прынцып агульнага дабра "ўраўнаважвае індывідуальныя правы з калектыўнымі абавязкамі". Ён заклікае нас выйсці за межы ўтылітарызму ці індывідуалізму, прасоўваючы супрацоўніцтва, а не канкурэнцыю. "Гандлёвыя войны, назапашванне вакцын або эксплуатацыя рэсурсаў наносяць шкоду агульнаму дабру, супрацьпастаўляючы нацыі", - сцвердзіў Дзяржсакратар. "Спісанне даўгоў самых бедных краін не варта разглядаць як дабрачыннасць, але як сумесныя інвестыцыі ў глабальную стабільнасць", - адзначыў ён.
Баланс субсідыярнасці і салідарнасці дазваляе стварыць такія структуры кіравання, якія не з'яўляюцца "ні цэнтралізаваным, ні фрагментаваным", а таксама не становяцца "аўтарытарнымі або неэфектыўнымі". "Ніводная нацыя не з'яўляецца востравам", - сказаў кардынал Паралін. "Субсідыярнасць без салідарнасці можа занядбаць маргіналізаваных, гэтак жа як салідарнасць без субсідыярнасці можа праігнараваць мясцовую самастойнасць", - патлумачыў ён.