Кардынал Паралін: Леў XIV – Папа раўнавагі, яснасці і павагі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы напісаў прадмову да кнігі “Леў XIV. Шлях бяззбройны і абязбройваючы” (Leone XIV. La via disarmata e disarmante), апублікаванай выдавецтвам “San Paolo”. Напісаная італьянскім журналістам Антоніа Прэцыёзі, біяграфія новага Пантыфіка з’явілася на паліцах кнігарняў 21 мая 2025 года.
Кардынал Паралін расказаў, што кананічнаму выбару кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста на Пятрову Сталіцу спадарожнічалі доўгія і радасныя апладысменты ўдзельнікаў канклава.
“Гэта быў моцны, але і “драматычны” момант, калі падумаць пра цяжар, які быў ускладзены на плечы аднаго чалавека. І тым не менш, з яго аблічча, хоць і ўсхваляванага, у першую чаргу зыходзілі спакой, стрыманая і добразычлівая ўсмешка”, - падзяліўся ўспамінамі іерарх.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што “кардынал Прэвост заўсёды быў такім – выконваў свае абавязкі з дакладнасцю і самаадданасцю, заўсёды быў добра інфармаваны пра людзей і разбіраўся ў сітуацыях”.
Па словах кардынала Параліна, Леў XIV мае ясны і моцны стыль: ён “спакойна і аргументавана падыходзіў да кожнай справы, прапаноўваючы ўзважаныя і паважлівыя рашэнні, якія сведчылі пра ўвагу і любоў да ўсіх”. Іерарх выказаў надзею на тое, што падчас пантыфікату Льва XIV “Касцёл будзе кожны дзень усё больш і больш ззяць як сведка любові Бога”.