MAP

Кардынал Краеўскі падчас Імшы ў Доме святой Марты Кардынал Краеўскі падчас Імшы ў Доме святой Марты 

Кардынал Краеўскі: у бедных Францішак хацеў дакрануцца да Езуса

21 мая 2025 года кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, цэлебраваў святую Імшу аб вечным супакоі для Папы Францішка, які памёр месяц таму – 21 красавіка 2025 года ў 7.15 па рымскім часе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія прайшла ў Доме святой Марты, дзе Францішак жыў на працягу ўсяго свайго пантыфікату. У цэлебрацыі бралі ўдзел пастаяльцы і персанал гэтай установы, якая пасля смерці Святога Айца з папскай рэзідэнцыі зноў ператварылася ў гасцявы дом на тэрыторыі Ватыкана.

Кардынал Краеўскі заўважыў, што Папа Францішак вельмі шмат часу праводзіў у капліцы Дома святой Марты, дзе шукаў рашэнні для многіх праблем, прабываючы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, які быў для яго як сонца, што дае Божае цяпло. “Ён часта казаў, што прыняў тое ці іншае рашэнне падчас адарацыі”, - падзяліўся іерарх.

Апостальскі элемазінарый адзначыў таксама, што Папа заўсёды імкнуўся злучаць адарацыю Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце з распазнаваннем Езуса Хрыста ў людзях, асабліва ў бедных. Езус атаясамліваў сябе з беднымі, а Францішак хацеў дакрануцца да Езуса ў іх, - падкрэсліў кардынал.

Паводле слоў іерарха, Папа Францішак кіраваўся логікай Евангелля, калі трэба было вырашаць праблемы. “Ён часта казаў так: калі не ведаеш, што рабіць, пашукай у Евангеллі, што сказаў бы на тваім месцы Езус – і даведаешся”, - падзяліўся іерарх.

“Мне не хапае яго ўсмешкі. Мне не хапае яго жартаў. Мне не хапае яго вельмі простых указанняў, якія захаваю на ўсё жыццё. Мне будзе не хапаць яго лістоў, часам вельмі складаных, якія ён дасылаў у нашу элемазінарыю, пішучы: “Ты ведаеш, што трэба зрабіць”. А калі я пытаўся: “Ваша Святасць, што я павінен зрабіць?”, ён адказваў: “Вырашы ўсе праблемы згодна з Евангеллем”, - прызнаўся кардынал Краеўскі.

21 мая 2025, 13:58