Кардынал Коавакад: хрысціяне і будысты пакліканы да міратворчасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу прыняў удзел у Восьмым будысцка-хрысціянскім калоквіуме, які 26–30 мая 2025 года праходзіць у Пнампені (Камбоджа). У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства на тэму "Будысты і хрысціяне супрацоўнічаюць дзеля міру з дапамогай прымірэння і стойкасці" ён нагадаў пра агульнае для абедзвюх духоўных традыцый імкненне да міру.
Сустрэча духоўных лідараў – гэта моцны сігнал надзеі свету, знявечанаму гвалтам, канфліктамі, беднасцю і экалагічнымі катастрофамі. “Аб'яднаныя верай і агульным пачуццём адказнасці, памятаючы пра пакуты вакол нас, мы імкнемся засведчыць гаючую сілу рэлігіі ва ўсё больш неспакойным свеце”, - запэўніў іерарх, дадаючы, што абедзве духоўныя супольнасці пакліканы адказаць на гэты боль не абыякавасцю, а спачуваннем і дзеяннямі.
Духоўныя традыцыі хрысціян і будыстаў прапануюць бачанне і місію: яны заклікаюць адкінуць апатыю і ўзяцца за складаную задачу міратворчасці, абраць прымірэнне замест помсты і стойкасць замест адчаю, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада.
Кардынал Коавакад нагадаў словы Папы Льва XIV, адрасаваныя да дыпламатычнага корпусу, аб тым што мір – гэта дар, першы дар Хрыста, але гэта патрабавальны дар: ён патрабуе працы над сабой, знішчэння пыхі і помсты, уважлівага выбару слоў, “бо раніць і забіць можна і словам, не толькі зброяй”.
Гэтыя словы новаабранага Папы нагадваюць пра пастаяннае імкненне да міру яго папярэдніка, Францішка. У сваім духоўным тэстаменце ён ахвяраваў пакуты, якія азначылі апошні перыяд яго жыцця, “ у імя міру ва ўсім свеце і братэрства паміж народамі”, - нагадаў кардынал Коавакад, дзякуючы будыстам за шматлікія жэсты салідарнасці, спачування і малітоўнай падтрымкі падчас хваробы і смерці Папы Францішка.
Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу пажадаў удзельнікам сустрэчы ўважліва прыслухоўвацца адзін да аднаго і чэрпаць духоўную мудрасць з Святых Пісанняў і жыццёвага вопыту. “Давайце разам даследуем, як прымірэнне і стойкасць могуць спрыяць стварэнню мірных і спагадлівых грамадстваў – у сацыяльным, духоўным, экалагічным і глабальным плане. Сапраўды, прымірэнне і стойкасць з’яўляюцца магутным проціяддзем ад культуры падзелу і разбурэння, якая пагражае асновам нашай агульнай чалавечнасці”, - сцвердзіў кардынал Коавакад, заклікаючы хрысціян і будыстаў “стаць майстрамі аздараўлення, аднаўленцамі адносін і сейбітамі гармоніі”.
Напрыканцы прамовы іерарх працытаваў зварот Льва XIV да прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, у якім Папа выказаў упэўненасць у тым, што “калі мы будзем з’яднаныя і свабодныя ад ідэалагічных і палітычных уплываў, тады зможам з моцай сказаць “не” вайне і “так” міру, “не” гонцы ўзбраенняў і “так” раззбраенню, “не” эканоміцы, якая збядняе народы і Зямлю, і “так” цэласнаму развіццю”.