MAP

Кардынал Марыа Грэк (у цэнтры) Кардынал Марыа Грэк (у цэнтры) 

Сінадальнасць – стыль Папы Льва XIV, – кардынал Грэк

Папа Леў XIV – біскуп сінадальны, які адкрыты да слухання Божага народу, - падкрэсліў кардынал Марыё Грэк, генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сваё разуменне сінадальнасці і ролі Святога Айца кардынал агучыў у інтэрв'ю для італьянскага каталіцкага агенцтва SIR, заклікаўшы пераадолець павярхоўны погляд на гэты шлях. Паводле яго слоў, сінадальнасць – гэта пастаянны стыль жыцця Касцёла, у якім вырашальную ролю адыгрывае Дух Святы.

Падчас абмеркавання вынікаў другога сінадальнага сходу Касцёла ў Італіі, што адбываўся з 31 сакавіка па 3 красавіка 2025 года ў Ватыкане, кардынал Грэк адзначыў, што дзякуючы шматлікім папраўкам – датычным у тым ліку пытанняў пакут, звязаных з міжасабовымі адносінамі, сексуальнай арыентацыяй, гендарнай ідэнтычнасцю, а таксама адказнасці жанчын у Касцёле – трэба было адкласці падвядзенне вынікаў да 25 кастрычніка 2025 года.

Гэта сведчанне таго, як павінен дзейнічаць Касцёл сінадальны

“Гэта не паражэнне, як некаторыя могуць думаць, але, наадварот, гэта сведчанне таго, як павінен дзейнічаць Касцёл сінадальны. Біскупы склалі дакумент, зноў выслухалі Божы народ і вырашылі, што яго трэба дапрацаваць. Гэты працэс - плён слухання”, - падкрэсліў сакратар Сінода.

Ён дадаў, што “рэфлексія і намаганні па ўвасабленні сінадальнасці ў жыццё Касцёла – гэта працяглы шлях, які патрабуе часу, нават гадоў”. Кардынал нагадаў, што менавіта Папа Францішак пераўтварыў Сінод Біскупаў “з падзеі ў працэс” і, хоць яго ўжо няма сярод нас, распачаты ім шлях трывае і сёння.

Касцёл сінадальны – Касцёл, які слухае Духа Святога

“Спадзяюся, што цяпер, у перыяд укаранення рашэнняў, плён сінадальнага шляху пераўтворыцца ў касцельны досвед. Упершыню пасля Сінода [па сінадальнасці] у нас ёсць тры гады, каб гэта рэалізаваць, а не рыхтавацца да новага Сінода”, - адзначыў кардынал Грэк.

Ён дадаў, што “Касцёл сінадальны – гэта Касцёл, які слухае ўсіх, але не проста меркаванні, а натхненне Духа Святога. Праз адзіны хрост, які з'яўляецца фундаментам, усе мы атрымалі Духа Святога, Які дзейнічае ў Касцёле і прапаноўвае свае нечаканыя дары”.

Кардынал Прэвост, цяпер папа Леў – біскуп, які слухае

Гарантыя таго, што касцельнае распазнаванне правільнае, “залежыць ад таго, хто кіруе касцельнай супольнасцю – біскупа дыяцэзіяльнага, які з'яўляецца прынцыпам еднасці”. Аднак “каб распазнаваць, біскуп павінен выслухаць усіх”, указаў мальтыйскі кардынал.

Ён прыгадаў досвед дзеяння Духа Святога падчас канклаву, які, як і Сінод, стаў досведам сумеснага слухання. “Папа Францішак часта казаў: спачатку Дух Святы можа выклікаць замяшанне, але потым прыносіць гармонію. Імя Духа Святога – Гармонія. Падчас Сінода мы адчулі гэта, калі пад дзеяннем Духа здолелі прыйсці да адзінства. Нават канклаў, яго сустрэчы, былі сапраўдным сінадальным досведам”, - падкрэсліў кардынал.

Ён таксама заўважыў, што і Францішак, і Леў XIV маюць вопыт манаскага жыцця, які з'яўляецца каштоўным для сінадальнага Касцёла. “Кардынал Прэвост, цяпер папа Леў, – біскуп сінадальны, ён слухае. Але, натуральна, апошняе слова і адказнасць за канчатковыя рашэнні ляжаць на ім. Ён чалавек дыялогу і слухання”, - падкрэсліў кардынал Грэк.
 

27 мая 2025, 11:32