Кардынал Фернандэс: Францішак быў нястомным работнікам
Марыя Валодзіна - Vatican News
1 мая 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра прайшла шостая Імша навендыялаў за памерлага Папу Францішка, якую ўзначаліў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс. У гэты дзень у Касцёле адзначаецца ўспамін святога Юзафа Рамесніка, таму Калегія кардыналаў не праводзіла агульную кангрэгацыю па падрыхтоўцы да канклаву. Многія з кардыналаў аднак сабраліся ў ватыканскай базіліцы на Імшу ў інтэнцыі Папы.
Адказ на любоў Бога
У гаміліі кардынал Фернандэс паразважаў над стаўленнем Святога Айца да працы, якая "была яго радасцю, ежай і адпачынкам". Ён не стамляўся казаць пра годнасць працы і заўсёды памятаў, што ён – нашчадак імігрантаў, якія прыехалі ў Аргенціну не для таго, каб атрымаць гатовую дапамогу, а “з вялікім жаданнем закасаць рукавы і пабудаваць будучыню для сваіх сем'яў".
Францішак быў нястомным працаўніком
Аргенцінскі кардынал распавёў, што Хорхэ Берголіа амаль ніколі не браў дні адпачынку, а таксама "ніколі не хадзіў у рэстараны, тэатры, на прагулкі ці ў кіно, ніколі не браў поўны выходны дзень". Такія звычкі былі ў яго яшчэ ў Буэнас-Айрэсе і захаваліся ў гады пантыфікату. “Для мяне было вялікай загадкай, як ён мог, будучы ва ўзросце і пакутуючы на розныя захворванні, вытрымліваць такі патрабавальны рабочы тэмп", - заўважыў іерарх. “Ён працаваў не толькі раніцай – сустрэчы, аўдыенцыі, урачыстасці, цэлебрацыі, - але і ў другой палове дня”, - распавёў кардынал Фернандэс, нагадаўшы, што за чатыры дні да смерці, ужо вельмі слабы, Папа здзейсніў гераічны ўчынак: наведаў вязняў у турме.
Праца сілкуе годнасць чалавека
Іерарх падкрэсліў, што для Папы Францішка “праца выяўляе і сілкуе годнасць чалавека, дазваляе яму развіваць свае здольнасці, дапамагае развіваць стасункі, дазваляе адчуваць сябе супрацоўнікам Бога, клапаціцца і паляпшаць гэты свет, адчуваць сябе карысным грамадству і падтрымліваць сваіх блізкіх”. Пантыфік лічыў, што "няма беднасці горш, чым тая, якая пазбаўляе працы і годнасці працы", - нагадаў кардынал Фернандэс.
Фальшывая мерытакратыя
Францішак асуджаў “фальшывую мерытакратыю” – ідэю, што толькі тыя, хто дасягае поспеху, заслугоўваюць павагі. Ён пытаўся: "Няўжо слабыя не маюць той жа годнасці, што і мы? Няўжо тыя, хто нарадзіўся з меншымі магчымасцямі, павінны толькі змагацца за выжыванне?” Папа заклікаў да стварэння такіх умоў, дзе кожны мог бы працаваць і расці, ствараць нешта лепшае для сваіх дзяцей, - зазначыў кардынал.
Быць адказнымі
Кардынал Фернандэс выказаў пажаданне, каб усе рабочыя, якім часам даводзіцца працаваць у цяжкіх умовах, маглі жыць сваёй працай з годнасцю і атрымліваць справядлівую аплату, якая б дазваляла ім і іх сем’ям глядзець у будучыню з надзеяй.
Звяртаючыся да Рымскай курыі, ён заклікаў тых, хто там працуе, быць адказнымі і прыкладаць намаганні ў выкананні сваіх задач. "Адказнасць у працы для нас у Курыі – гэта таксама шлях да духоўнай сталасці і святасці", - нагадаў ён.
Любоў Папы да святога Юзафа
Напрыканцы гаміліі кардынал Фернандэс распавёў пра звычай Францішка пакідаць запіску пад абразом святога Юзафа, калі яго непакоіла нейкая вялікая праблема. Ён заклікаў прысутных маліцца таму, хто сваёй працай так самааддана клапаціўся пра Марыю і Езуса, каб ён “абняў нашага дарагога Папу Францішка ў небе”.