MAP

Кардынал Арцімэ: Францішак заклікаў абудзіць свет

Францішак заклікаў кансэкраваных асоб бачыць Пана ў сучасных людзях, асабліва ў найбяднейшых, апошніх, адкінутых, - нагадаў кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3 мая 2025 года, у восьмы дзень навендыялаў, на Імшы ў інтэнцыі памерлага Папы Францішка ў Базіліцы Святога Пятра сабраліся кансэкраваныя асобы. Набажэнства ўзначаліў былы прапрэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ заклікаў прысутных ператварыць здзіўленне і захапленне Уваскрослым Хрыстом у “праграму жыцця”, стаць прыкладам для тых, хто сёння мае “вялікую патрэбу сустрэць Пана”.

Каментуючы евангельскі ўрывак пра з’яўленне Уваскрослага вучням на беразе Тыберыядскага мора, іерарх зазначыў, што прысутнасць Хрыста пераўтварае жыццё ў “бясконцае свята”. Ён працытаваў катэхезу Францішка, у якой Папа пытаўся, “адкуль першыя вучні чэрпалі моц для сведчання, і не толькі моц: адкуль у іх браліся радасць і адвага абвяшчаць Добрую Навіну насуперак перашкодам і гвалту?” Відавочна, што патлумачыць гэта маглі толькі прысутнасць Уваскрослага Пана і дзеянне Святога Духа. Яны не баяліся ні людзей, ні небяспек, бо іх вера трымалася на моцным і асабістым досведзе сустрэчы з Хрыстом, Укрыжаваным і Уваскрослым. Сёння, як і ў мінулым, людзі маюць “вялікую патрэбу сустрэцца з Панам і з Яго вызваляючым пасланнем збаўлення”, - сказаў кардынал Арцімэ.

Нічога не ставіць вышэй за любоў да Хрыста

Іерарх нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, сказаныя падчас Юбілею 2000 года, аб тым, што выбар жыцця, цалкам прысвечанага Богу, становіцца “прароцкай прысутнасцю для ўсяго хрысціянскага народа”, дарам, прынесеным “у імя Хрыста, на службе бедным, адкінутым і самым апошнім”.

Гэтая місія становіцца асабліва значнай тады, калі ў жыцці людзей адсутнічае Бог або яны занадта лёгка забываюць пра Яго цэнтральнае месца ў жыцці. У такіх умовах неабходна кіравацца духоўнай праграмай святога Бэнэдыкта: нічога не ставіць вышэй за любоў да Хрыста, - заклікаў кардынал Арцімэ.

Прысутнасць у часы адчаю

Іерарх таксама нагадаў пра іншую рысу кансэкраванага жыцця, акрэсленую Бэнэдыктам XVI: кансэкраваныя асобы павінны быць "вартавымі" новага жыцця і светлым знакам Евангелля нават у часы няўдач. Прысутнасць Уваскрослага Езуса цалкам змяняе рэчаіснасць для вучняў: калі ўсё выглядала "скончаным, няўдалым", Ён выйшаў ім насустрач, і ўсё змянілася. “Цемру перамагае святло, бескарысная праца зноў становіцца плённай і шмат абяцаючай, пачуццё стомленасці і пакінутасці саступае месца новаму імпэту і ўпэўненасці, што Ён з намі”. Гэты досвед першых сведкаў Пана павінен стаць праграмай жыцця для ўсіх нас, - заахвоціў кардынал Арцімэ.

Абудзіць свет

Напрыканцы гаміліі іерарх нагадаў заклік Францішка "абудзіць свет" з чыстым сэрцам і духам, здольнымі распазнаваць Пана ў сучасных жанчынах і мужчынах, асабліва найбяднейшых, апошніх, адкінутых.

Прызнанне ролі кансэкраваных жанчын

Сястра Марыя Тэрэза Бэран, старшыня Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц, ад імя кансэкраваных жанчын узгадала Папу Францішка як пакорлівага пастыра, спагадлівага, напоўненага бязмежнай любоўю, здольнага нагадаць усяму свету, што чалавечая крохкасць можа быць не абмежаваннем, а крыніцай ласцы.

Звяртаючыся да манахінь, яна паўтарыла заклік Папы несці служэнне пакорліва, як Хрыстус, які “схіліўся, каб абмыць ногі сваім вучням”. Са шчырай удзячнасцю яна нагадала аб тым, што Францішак прызнаваў і цаніў кансэкраваных жанчын, зрабіўшы іх “актыўнымі ўдзельніцамі сінадальнага шляху”. “Мы абяцаем працягваць гэтую місію, становячыся агнём, які запальвае іншыя агні”, - заключыла настаяцельніца.

Пантыфік, здольны ўзварухнуць

Айцец Марыё Дзаноці, сакратар Саюза генеральных настаяцеляў, узяў слова ад імя інстытутаў кансэкраванага жыцця. “Папа Францішак пакінуў нам вялікую спадчыну чалавечнасці – чалавечнасці глыбока хрысціянскай”, - сказаў ён, прыгадаўшы “блізкасць” Папы, яго здольнасць слухаць і, часам, “узварухнуць” пэўнасці і звычкі, пераапранутыя ў рэлігійнасць. З евангельскай цвёрдасцю Папа заклікаў да вернасці Святому Пісанню і харызмам манаскіх супольнасцей, нагадваючы пра “беднасць” як пра агульны і прарочы знак, супрацьлеглы ўладзе і багаццю, - адзначыў настаяцель.

Выступленне айца Марыё Дзаноці
Выступленне айца Марыё Дзаноці   (@Vatican Media)
04 мая 2025, 11:25