Юбілей Усходніх Цэркваў: візантыйская літургія ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Трохдзённае святкаванне Юбілею Усходніх Цэркваў у Рыме, якое праходзіла з 12 па 14 мая 2025 года, завяршылася ўрачыстай візантыйскай літургіяй у галоўнай базіліцы каталіцкага свету. У цэлебрацыі прынялі ўдзел патрыярхі, мітрапаліты, вярхоўныя архіепіскапы і іншыя прадстаяцелі Усходніх Цэркваў, якія знаходзяцца ў поўнай еднасці з Папам, захоўваючы пры гэтым свае літургічныя, духоўныя, тэалагічныя і кананічныя традыцыі.
Нашым пакліканнем з'яўляецца жыць як хрысціяне на мяжы паміж жыццём і смерцю
"Мы адчувалі, што нас абдымае Святы Айцец, які суцяшае нас у нашых штодзённых пакутах і цяжкасцях, высока цэніць нашы старажытныя хрысціянскія традыцыі і заахвочвае ў нашай евангелізацыйнай місіі, якую мы выконваем у сучасным свеце", - падкрэсліў у сваім казанні Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.
Кіраўнік Украінскага Грэка-Каталіцкай Царквы звярнуў увагу на тое, што амаль усе вернікі каталіцкіх Усходніх Цэркваў зараз перажываюць "балючы і трагічны досвед вайны". На яго думку, можа ўзнікаць уражанне, што "нашым пакліканнем з'яўляецца жыць як хрысціяне на мяжы паміж жыццём і смерцю". Аднак, як адзначыў іерарх, "мы адкрываем сёння ў саміх сабе, як плён нашага нараджэння з вады і Духа Святога ў святых містэрыях Касцёла, таямнічае зерне несмяротнага жыцця".
Еднасць – не толькі духоўны ідэал, але жывое і магутнае сведчанне Евангелля ў свеце
Завяршаючы літургію, патрыярх Юсэф Абсі падзякаваў усім прысутным і нагадаў пра 1700-годдзе Нікейскага Сабора, "які даў нам агульнае “Credo” і адзіную дату Вялікадня, а значыць, канкрэтныя знакі нашай еднасці ў веры, якая з'яўляецца найкаштоўнейшай рэччу для хрысціян". "Еднасць – гэта не толькі духоўны ідэал, але жывое і магутнае сведчанне Евангелля ў свеце", - падкрэсліў галоўны цэлебрант.
Касцёл існуе ў разнастайнасці і ў павазе да правоў гэтай разнастайнасці
Удзельнікаў літургіі таксама прывітаў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, падкрэсліўшы, што Касцёл існуе "не таму, што ён розны", і "не таму, што ён аднародны", але "існуе ў гэтай разнастайнасці і ў павазе да правоў гэтай разнастайнасці".
Кардынал адзначыў, што Дыкастэрыя імкнецца выконваць даручэнне Святога Айца "падтрымліваць, бараніць і ахоўваць Усходнія Цэрквы, і гэта як на іх тэрыторыях, так і там, дзе яны з'яўляюцца аб'ектам насілля войнаў, прыгнёту і пераследу".
Варта адзначыць, што візантыйская літургія, якая адбылася ў Базіліцы Святога Пятра, мела асаблівы характар: малітвы і песнапенні выконваліся на розных мовах, уключаючы грэчаскую, стараславянскую, украінскую, румынскую, венгерскую і іншыя, што падкрэслівала багацце літургічных традыцый Усходніх Цэркваў.