Імша на пачатак пантыфікату: абрады і сімвалы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З эўхарыстычнай цэлебрацыі Леў XIV афіцыйна распачне сваё служэнне як наступнік святога Пятра і пастыр Каталіцкага Касцёла. Літургія ўключае ў сябе розныя абрады, якія маюць важнае сімвалічнае значэнне.
Ушанаванне магілы апостала Пятра
Перад Імшой Пантыфік разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў спусціцца да магілы святога Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным алтаром і велічным балдахінам ватыканскай базілікі. Пасля кароткай малітвы Папа здзейсніць акаджэнне магілы.
Гэты абрад, як патлумачыла Служба папскіх літургічных цэлебрацый, “падкрэслівае блізкую сувязь Біскупа Рыма з апосталам Пятром і яго мучаніцтвам, збіраючы Божы народ у такі ўрачысты дзень у тым жа месцы, дзе ён крывёй вызнаў сваю веру разам з многімі іншымі хрысціянамі, якія далі такое самае сведчанне”.
Laudes Regiae
Потым два дыяканы возьмуць пастырскі палій, Пярсцёнак Рыбака і Евангелле і накіруюцца ў працэсіі да алтара, устаноўленага перад Базілікай Святога Пятра, дзе адбудзецца цэлебрацыя. Папа таксама далучыцца да працэсіі, падчас якой будзе спявацца “Laudes Regiae” – літанійны спеў з просьбамі аб заступніцтве святых.
На прыступках ватыканскай базылікі
На пачатку Імшы, якая будзе праходзіць на лацінскай мове, Святы Айцец благаславіць ваду і здзейсніць акрапленне ёй. Потым прагучыць “Gloria” і малітва са згадкай пра задуму Нябеснага Айца пабудаваць Касцёл на Пятры.
На цэнтральнай браме ватыканскай базілікі будзе вывешаны габелен з выявай дыялогу Езуса і Пятра з евангельскага ўрыўка пра цудоўную лоўлю рыбы. Палатно з’яўляецца рэпрадукцыяй арыгінальнага габелена з Ватыканскіх музеяў, выкананага фламандскімі майстрамі для Сіксцінскай капэлы паводле эскіза Рафаэля.
Каля алтара будзе размешчана ікона Маці Добрай Парады з марыйнага санктуарыя ў Джэнацана, які Леў XIV ужо адведаў у першыя дні свайго пантыфікату.
Чытанні на розных мовах
Літургічныя чытанні прагучаць на розных мовах. Першае – з кнігі Дзеяў Апосталаў – на іспанскай, другое – з Першага паслання святога Пятра – на англійскай, а ўрывак з Евангелля паводле святога Яна, у якім Езус тройчы спытаўся ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” і тройчы атрымаўшы станоўчы адказ, сказаў яму: “Пасі авечак Маіх” – будзе прачытаны на лацінскай і грэчаскай. Гэта падкрэслівае асаблівую місію Папы і Біскупа Рыма – умацоўваць католікаў ва ўсім свеце ў веры.
Уручэнне сімвалаў пятровага служэння
Пасля абвяшчэння Евангелля да Пантыфіка падыдуць тры кардыналы трох ступеняў – дыяканаў, прэзбітэраў і біскупаў – з розных кантынентаў: першы ўскладзе на яго палій, другі памоліцца аб Божай дапамозе, а трэці ўручыць Пярсцёнак Рыбака.
Палій – гэта элемент літургічнага адзення, зроблены з авечай воўны ў выглядзе белай вузкай стужкі, упрыгожанай чорнымі крыжамі і канцамі, што звісаюць спераду і ззаду. Палій апранаецца на плечы і нагадвае пра Добрага Пастыра, які бярэ на свае плечы загубленую авечку, а таксама пра пастырскае заданне, якое Езус усклаў на Пятра.
Пярсцёнак Рыбака – гэта сімвал біскупскай улады. Звычайна ён вырабляецца з золата або з пазалочанага срэбра. На пярсцёнку змешчана выява Чоўна святога Пятра і імя Папы. Назва гэтага атрыбута нагадвае, што апостал Пётр быў рыбаком, які стаў лаўцом людзей. У старажытнасці пярсцёнак таксама выкарыстоўваўся як пячатка для папскіх дакументаў.
Абрад абяцання паслухмянасці
Пасля ўручэння Льву XIV папскіх сімвалаў прагучыць малітва да Святога Духа з просьбай адарыць новага Пантыфіка моцай і пакорай для захавання вучняў Хрыста ў адзінстве. Пасля таго як Леў XIV благаславіць удзельнікаў літургіі кнігай Евангелля, адбудзецца сімвалічны абрад складання паслухмянасці, які выканаюць дванаццаць прадстаўнікоў розных катэгорый Божага народа з усяго свету. Затым Святы Айцец прамовіць гамілію. Малітва вернікаў будзе чытацца на партугальскай, французскай, арабскай, кітайскай і польскай мовах.
Дэлегацыі з 200 краін свету
Злева ад алтара размесцяцца кардыналы, біскупы і дэлегаты розных хрысціянскіх Цэркваў. Справа – дэлегацыі краін, у тым ліку кіраўнікі дзяржаў, урадаў і манархі. У першым шэрагу будуць знаходзіцца прадстаўнікі Італіі, ЗША – краіны паходжання Папы, а таксама Перу – “другой радзімы” Святога Айца, дзе ён выконваў біскупскае служэнне. Пантыфік асабіста прывітае ўсе афіцыйныя дэлегацыі пасля святой Імшы ўнутры Базілікі Святога Пятра.