Дзясятая кангрэгацыя: новы Папа павінен быць блізкім да людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На нарадзе прысутнічалі 179 кардыналаў, з якіх 132 – выбаршчыкі, паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні. Ён удакладніў, што ўсе 133 кардыналы-выбаршчыкі ўжо прыбылі ў Рым.
На пасяджэнні выступілі з прамовамі 26 іерархаў. Яны разважалі пра кананічнае права Касцёла, ролю Дзяржавы Ватыкан, місіянерскую прыроду Касцёла, а таксама пра дзейнасць “Caritas” у дапамозе бедным.
“Звярталася ўвага на прысутнасць шматлікіх журналістаў: гэта сведчыць пра тое, што Евангелле мае значэнне для сучаснага свету, а таксама пра пакліканне да адказнасці”, - адзначыў Бруні, дадаўшы, што кардыналы згадвалі малітву падчас пандэміі як “адкрытую браму надзеі пасярод страху”.
Адносна рысаў новага Папы, кардыналы казалі пра патрэбу ў пастыры, блізкім да людзей, які будзе клапаціцца пра адзінства і збіраць усіх вакол Хрыста ў перыяд, калі сусветны парадак знаходзіцца ў крызісе. “Падкрэслівалася заклапочанасць падзеламі ў Касцёле”, - дадаў кіраўнік Залы Друку.
Абмяркоўвалася таксама перадача веры, пакліканні, сям’я, выхаванне дзяцей, клопат пра стварэнне, войны і фрагментаванасць свету. Рабіліся спасылкі на дакументы Другога Ватыканскага Сабора, асабліва на канстытуцыю “Dei Verbum”.
У другой палове дня ў суботу кардынал-камерленга правёў лёсаванне адносна размеркавання пакояў. Усе кардыналы будуць пражываць у Доме святой Марты і прылеглым да яго старым корпусе таго ж Дома.
Матэа Бруні падкрэсліў, што прыкладаюцца намаганні, каб усе кардыналы, якія жадаюць выказацца, атрымалі такую магчымасць. Наступныя генеральныя кангрэгацыі пройдуць увечары 5 мая і раніцай 6 мая 2025 года.