MAP

Ватыканскія пажарныя мантуюць дымавы комін на Сікстынскай капэле Ватыканскія пажарныя мантуюць дымавы комін на Сікстынскай капэле  (AFP or licensors)

Над Сікстынскай капэлай усталявалі дымавы комін для выбараў Папы

2 мая 2025 года над Сікстынскай капэлай у Ватыкане з'явіўся дымавы комін – сімвал чакання новага Папы і знак, на які з надзеяй глядзіць увесь каталіцкі свет.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З першымі прамянямі майскага сонца над дахам Сікстынскай капэлы забліскацеў дымавы комін – неад'емны атрыбут канклава, які ўжо стаў своеасаблівым "маяком веры" для вернікаў па ўсім свеце.

Ватыканскія пажарныя з самай раніцы 2 мая 2025 года пачалі мантаваць яго на традыцыйнае месца, што стала відавочным знакам набліжэння важнай падзеі для ўсяго каталіцкага свету.

Афіцыйны пачатак канклава прызначаны на 7 мая 2025 года. Менавіта тады кардыналы збяруцца ў Сікстынскай капэле для выбару новага Пантыфіка, а дымавы комін стане сродкам інфармавання вернікаў пра вынікі галасавання. Традыцыя сведчыць: белы дым абвяшчае свету пра абранне новага Святога Айца, у той час як чорны дым азначае, што ў ходзе галасавання патрэбная большасць у дзве траціны галасоў кардыналаў пакуль не дасягнута.

Дымавы комін над Сікстынскай капэлай
Дымавы комін над Сікстынскай капэлай

Механізм дымавога сігналу даволі просты, але цікавы сваёй сумессю традыцыі і сучаснасці. У Ватыкане выкарыстоўваюцца дзве чыгунныя печы. У адной з іх, якая выкарыстоўваецца з 1939 года, спальваюцца выбарчыя бюлетэні пасля падліку галасоў. Другая, больш сучасная, вырабленая ў 2005 годзе, дазваляе з дапамогай спецыяльных хімічных рэчываў ствараць дым пэўнага колеру.

Цікава, што дакладнае паходжанне традыцыі дымавых сігналаў з коміна Сікстынскай капэлы застаецца невядомым. Што яшчэ больш цікава, гэты спосаб паведамлення аб выніках выбараў нават не прадпісаны афіцыйна ў правілах правядзення канклава, але ўжо сам па сабе стаў неад'емнай часткай гэтай важнай падзеі ў жыцці Касцёла.
 

02 мая 2025, 11:19