Святы Пасад віншуе будыстаў са святам Весак
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёлетняе пасланне мае назву "Будысты і хрысціяне ў дыялогу вызвалення для нашага часу" і звязана з юбілеем і 60-годдзем Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора "Nostra Aetate", якая прысвечана адносінам Касцёла з нехрысціянскімі рэлігіямі.
"У нашым часе, пазначаным падзеламі, канфліктамі і пакутамі, мы прызнаём неадкладную патрэбу ў вызваляючым дыялогу, які не абмяжоўваецца словамі, але здольны перакладаць гэтыя словы ў канкрэтныя дзеянні дзеля міру, справядлівасці і годнасці для ўсіх", - гаворыцца ў тэксце.
Аўтары адзначаюць, што, як і ў час абвяшчэння "Nostra Aetate", наш сучасны свет таксама абцяжараны несправядлівасцю, канфліктамі і няўпэўненасцю адносна будучыні. Аднак яны перакананы ў глыбокай здольнасці рэлігій прапанаваць значныя адказы на "нявырашаныя загадкі чалавечага існавання".
Асаблівая ўвага ў пасланні надаецца тэме вызвалення, якая прысутнічае ў абедзвюх рэлігійных традыцыях. "Імкненне да сапраўднага вызвалення знаходзіць глыбокі водгук у нашым агульным пошуку праўды і паўнаты жыцця і адпавядае вучэнню нашых адпаведных традыцый", - адзначаюць аўтары.
У заключэнне кіраўніцтва Дыкастэрыі выказвае надзею, што праз дыялог абедзве рэлігійныя традыцыі могуць прапанаваць годныя адказы на выклікі нашага часу, і жадаюць будыстам благаслаўлёнага і плённага святкавання Весака.