MAP

У Ватыканскай друкарні У Ватыканскай друкарні  

У чаканні канклава: друкарня Ватыкана працуе "дзень і ноч"

Заснаваная ў XVI стагоддзі, Ватыканская друкарня (Tipografia vaticana) забяспечвае друкаванне афіцыйных дакументаў і брашур для патрэб Ватыкана і Апостальскай Сталіцы. Пасля смерці Папы Францішка каля 40 работнікаў працуюць без перапынку.

Vatican News

З моманту абвяшчэння смерці Папы Францішка гук друкавальных машын у Ватыканскай друкарні стаў больш інтэнсіўным. Ва ўмовах “Sede Vacante” і падрыхтоўкі да канклава друкары працуюць у павышаным рэжыме, забяспечваючы бесперабойную працу ўсіх касцельных структур.

Падваенне працоўных змен

"Цяпер вельмі шмат працы, больш чым звычайна! З улікам Велікоднага тыдня, абвяшчэння смерці Францішка і “Sede Vacante”, у нас вельмі шмат задач", - распавядае Гвіда Бэнфантэ, каардынатар установы, які працуе ў Ватыкане ўжо сем гадоў. "Мы працавалі дзень і ноч, каб аказаць нашу паслугу Апостальскай Сталіцы ў вельмі кароткі тэрмін, з падваеннем працоўных змен", - тлумачыць ён.

Заказы множацца: брашуры для пахавальнай Імшы Папы, для “навендыялаў” (дзевяцідзённага перыяду малітвы за памерлага Пантыфіка), а таксама для Імшы "Pro eligendo pontifice" 7 мая 2025 года. Акрамя таго, друкарня выпусціла 30 000 асобнікаў "L'Osservatore Romano" ад 21 красавіка, дня смерці Францішка.

Брашура з біяграфіямі ўсіх кардыналаў - прадукцыя Ватыканскай друкарні
Брашура з біяграфіямі ўсіх кардыналаў - прадукцыя Ватыканскай друкарні

Eligo in Summum Pontificem" – бюлетэні для выбару новага Папы

Афіцыйна заснаваная ў 1587 годзе, Ватыканская друкарня адказвае за друк дакументаў, неабходных для канклава. Каб дапамагчы кардыналам-выбаршчыкам, друкарня выдала даведнік з біяграфіямі ўсіх кардыналаў. Акрамя таго, тут друкаваліся бюлетэні для галасавання падчас выбараў будучага Папы.

"Гэта вельмі просты бланк з невялікай пазалотай, на якім напісана 'Eligo in Summum Pontificem' ('Выбіраю Вярхоўным Пантыфікам'), і лінія, на якой кожны галасуючы ўпіша імя выбранага ім кардынала", - падрабязна апісвае Бэнфантэ.

"Для нас гонар выконваць гэту працу дзеля добрага функцыянавання Апостальскай Сталіцы", - дадае каардынатар, праходзячы паміж палетамі з мастацкімі кнігамі, асобнікамі "L'Osservatore Romano" і стосамі друкаванай прадукцыі, якая чакае адпраўкі.

Рэдактары Ватыканскай друкарні падчас працы
Рэдактары Ватыканскай друкарні падчас працы

Герб Францішка быў складаным – сем колераў

На верхнім паверсе рамесніцкая майстэрня ўжо рыхтуецца да наступных тыдняў і пачатку новага пантыфікату. Менавіта тут уручную вырабляюцца спецыяльныя дакументы, такія як пергаменты з авечай скуры, якія ўручаюцца кожнаму кардыналу пры яго прызначэнні, або настольныя падкладкі з гербам Святога Айца.

"Герб Францішка было цяжэй ствараць, чым герб Бэнэдыкта XVI, бо ён меў сем колераў: сіні, чырвоны, залаты, золата... Але гэта не праблема, мы адаптуемся", - запэўнівае Бэнфантэ. Як толькі будзе абраны новы Папа, ён выбера свой герб, і ўся друкарня пачне працаваць над тым, каб нанесці яго на ўсе афіцыйныя дакументы. "Мы пачынаем з нуля", - усміхаецца ён размаўляючы з Жан-Бенуа Арэлем з французскай рэдакцыі “Vatican News”.

"Мы таксама працуем дзеля распаўсюджвання слова Святога Айца праз творы, якія мы ствараем. Уся наша праца ўмацоўвае пачуццё прыналежнасці, якое адчувае кожны чалавек, які працуе ў Ватыкане", - падсумоўвае Гвіда Бэнфантэ.
 

07 мая 2025, 12:14