MAP

Архімандрыт Сяргей Гаек (крайні справа) падчас літургіі ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ Архімандрыт Сяргей Гаек (крайні справа) падчас літургіі ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ

Грэка-каталіцкая дэлегацыя з Беларусі на Юбілеі Усходніх Цэркваў

Беларуская грэка-каталіцкая дэлегацыя бярэ ўдзел у Юбілеі Усходніх Цэркваў, які праходзіць у Рыме з 12 па 14 мая 2025 года. Праграма сустрэчы прадугледжвае аўдыенцыю ў Папы Льва XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Грэка-каталіцкую супольнасць Беларусі на Юбілеі прадстаўляе архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама тры святары: айцец Андрэй Абламейка з Мінска, айцец Андрэй Крот з Гродна і айцец Яўген Усошын, канцлер курыі Апостальскай адміністратуры.

Свой візіт у Рым беларускае грэка-каталіцкае духавенства распачало малітвай перад іконай Маці Божай Жыровіцкай, копія якой у выглядзе фрэскі захоўваецца ў рымскім касцёле святых Сяргея і Вакха.

Потым святары накіраваліся ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліліся ля магілы Папы Францішка – менавіта ён 30 сакавіка 2023 года заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.

У гэтай старажытнай багародзічнай святыні члены беларускай дэлегацыі таксама мелі магчымасць узяць удзел у літургіі копцкага абраду. Яна прайшла ў Паўлінскай капліцы, славутай не толькі абразом Salus Populi Romani, але і тым, што ў ёй пахаваны Папа Клімент VIII – падчас яго пантыфікату ў 1596 годзе была заключана Брэсцкая ўнія.

13 мая грэка-каталіцкае духавенства з Беларусі возьме ўдзел у Акафісце, які адбудзецца на плошчы перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ. Некаторыя часткі гэтай малітвы будуць спявацца на беларускай мове.

14 мая дэлегацыя будзе прысутнічаць на аўдыенцыі ў Папы Льва XIV, а затым возьме ўдзел у Боскай літургіі ўсходняга абраду ў Базіліцы Святога Пятра. Візіт у галоўную ватыканскую святыню стане магчымасцю памаліцца ля магілы святога Язафата Кунцэвіча, архіепіскапа Полацкага і апостала адзінства хрысціянаў, які загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску восенню 1623 года.
 

13 мая 2025, 10:38