MAP

Выпускнікі "Angelicum" Роберт Прэвост, сённяшні Папа Леў XIV, і Ян Павел ІІ Выпускнікі "Angelicum" Роберт Прэвост, сённяшні Папа Леў XIV, і Ян Павел ІІ  

“Angelicum”: Alma Mater Льва XIV ганарыцца сваім выпускніком

Папскі ўніверсітэт святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, у якім вучыўся цяперашні Папа, ганарыцца сваім былым студэнтам. Леў XIV – ужо другі Пантыфік, які скончыў гэту навучальную ўстанову. Яе выпускніком быў таксама Ян Павел ІІ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Аўгусціянін з ЗША, айцец Роберт Прэвост, вучыўся ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага, вядомым таксама як “Angelicum”, з 1981 па 1985 год. Будучы Пантыфік вывучаў у гэтай навучальнай установе дамініканскага ордэна кананічнае права Касцёла.

У 1987 годзе Прэвост абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: “Кіраванне і ўлада мясцовага прыёра ў Ордэне святога Аўгусціна”. У сваёй навуковай працы ён “апісаў, як прыёр павінен адносіцца да Хрыста і Рэгулы [святога Аўгусціна], а таксама развіваць бескарыслівы лад жыцця дзеля дабра ўсіх”, - расказаў журналістцы EWTN Бэнэдыкце Кэтэргрэн рэктар універсітэта, айцец Томас Уайт.

Дамініканін адзначыў, што прачытаў дактарат Папы. “Гэта сапраўды сталая праца 30-гадовага чалавека – вельмі адукаванага, начытанага, глыбока рэфлексійнага і духоўнага, які аналізуе паслухмянасць і ўладу ў Каталіцкім Касцёле”.

Законнік заўважыў, што хоць навуковая праца Льва XIV датычыла абавязкаў прыёра і ордэну аўгусцінянаў, “гэтая візія можа быць пашырана таксама на біскупскае, а нават і папскае служэнне”. “Неверагодна, як Бог падрыхтаваў яго да выканання ролі кіраўніка Каталіцкага Касцёла”, - адзначыў айцец Уайт.

Абранне Наступнікам святога Пятра выпускніка “Angelicum” выклікала энтузіязм сярод выкладчыкаў і студэнтаў гэтай навучальнай установы, якая вядзе сваю гісторыю ад заснаванай у 1222 годзе ў Рыме дамініканскай вучэльні, дзе выкладаў нават святы Тамаш Аквінскі. Многія з іх спадзяюцца, што Леў XIV, як і яго славуты папярэднік Леў XIII, будзе прасоўваць тамізм і інтэлектуальную традыцыю Касцёла.
 

22 мая 2025, 11:47