MAP

Энцыкліка Папы Францішка "Laudato si'" Энцыкліка Папы Францішка "Laudato si'" 

Энцыкліцы Папы Францішка “Laudato si’” споўнілася 10 гадоў

10 гадоў таму – 24 мая 2015 года – Папа Францішак падпісаў энцыкліку “Laudato si’” – першы ў гісторыі папскі дакумент такога высокага ўзроўню, цалкам прысвечаны клопату пра навакольнае асяроддзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2015 год быў адзначаны двума важнымі падзеямі для экалогіі. Падчас Канферэнцыі па клімаце, якая адбылася ў снежні ў Парыжы, 198 краін, што далучыліся да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, падрыхтавалі дамову з мэтай стрымліваць рост глабальнай сярэдняй тэмпературы ніжэй за 2 °C і прыкласці намаганні для абмежавання яе павышэння велічынёй 1,5 °C.

За некалькі месяцаў да Парыжскага кліматычнага саміту Папа Францішак выдаў беспрэцэдэнтную энцыкліку пад назвай “Laudato si’”, заклікаўшы да экалагічнага навяртання і змены ладу жыцця.

“Кірую тэрміновы заклік да аднаўлення дыялогу пра спосаб будавання будучыні нашай планеты. Нам патрэбна дыскусія, якая нас усіх аб’яднае, бо экалагічны выклік і яго чалавечыя карані датычаць і закранаюць кожнага з нас”, - пісаў Святы Айцец.

Энцыкліка атрымала сваю назву ад слоў святога Францішка: “Laudato si’, mi’ Signore” (“Будзь праслаўлены, мой Пане!”). У “Гімне стварэння” ён нагадваў, што Зямля, наш супольны дом – гэта “і сястра, з якой мы раздзяляем існаванне, і цудоўная маці, якая прымае нас у свае абдымкі”. Сёння гэта Зямля – зняважаная і разрабаваная – плача, а яе стогн зліваецца з енкам усіх пакінутых у свеце, - падкрэсліваў Пантыфік.

У сваім дакуменце Папа Францішак звяртаў увагу на ўзаемасувязь усяго, што адбываецца на планеце, падкрэсліваючы, што “не бывае экалагічнай праблемы, адарванай ад сацыяльнай”.

Кліматычныя змены, войны, беднасць, адсталасць – праявы аднаго крызісу. І перш чым стаць экалагічным, ён з’яўляецца, у сваёй сутнасці, этычным, культурным і духоўным, - адзначаў Святы Айцец. Пантыфік нагадваў, што інтэгральная экалогія патрабуе глыбокага навяртання – як асабістага, так і сацыяльнага.

Энцыкліка атрымала шырокі водгук у навуковай супольнасці, сярод сусветных палітычных і грамадскіх лідараў, актывістаў экалагічных рухаў. Брытанскае выданне “The Guardian” назвала яе “самым ўражваючым і магчыма найбольш амбіцыйным папскім дакументам апошніх 100 гадоў”, падкрэсліваючы, што энцыкліка адрасавана не толькі католікам і не толькі хрысціянам, але ўсяму чалавецтву.

У кастрычніку 2023 года Папа Францішак выдаў яшчэ адзін важны дакумент на экалагічную тэматыку – апостальскую адгартацыю “Laudate Deum”, якая стала дапаўненнем да энцыклікі “Laudato si’”. У ёй Святы Айцец падкрэсліў уплыў антрапагеннага фактару на глабальнае пацяпленне і заклікаў да больш рашучых мер па абароне навакольнага асяроддзя. 

26 мая 2025, 11:54