MAP

Нікейскі Сабор Нікейскі Сабор  Калонка рэдактара

Вярнуцца ў Нікею як браты ў веры

Пра значэнне Першага Сусветнага Сабора, які адбыўся ў Нікеі ў 325 годзе, паразважаў у сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Вярнуцца ў Нікею праз 1700 гадоў пасля Сабора – значыць уз’яднацца з братамі-хрысціянамі ўсяго свету. Агульная вера, вызначаная на Нікейскім Саборы, яднае не толькі Усходнія Цэрквы, Праваслаўную Царкву і Каталіцкі Касцёл, але таксама і супольнасці, народжаныя у выніку Рэфармацыі. Тое, што аб’ядноўвае хрысціян, мацнейшае за тое, што іх падзяляе. Усе мы верым у Бога-Тройцу, у Хрыста – сапраўднага чалавека і Бога, у збаўленне праз Езуса Хрыста, згодна са Святым Пісаннем, якому вучаць у Касцёле і пад кіраўніцтвам Святога Духа. Усе мы верым у Царкву, хрост, уваскрасенне мёртвых і вечнае жыццё. Гэта асноўная думка дакумента “Езус Хрыстус, Сын Божы, Збаўца. 1700-годдзе Нікейскага Сусветнага Сабора (325–2025)”, апублікаванага 3 красавіка 2025 года Міжнароднай тэалагічнай камісіяй.

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ падкрэсліў, што адной з мэт Нікейскага Сабора было вырашэнне пытання агульнай даты святкавання Вялікадня. Яно было спрэчным ужо ў старажытныя часы. Некаторыя хрысціяне святкавалі Вялікдзень у дзень юдэйскага свята Песах (у 14-ы дзень нісана), іншыя – у нядзелю пасля яго. Сабор вызначыў агульную дату святкавання Вялікадня: першую нядзелю пасля першай вясновай поўні.

Пазней сітуацыя змянілася: у XVI стагоддзі з’явіўся грыгарыянскі каляндар, і заходні Касцёл пачаў карыстацца ім, а Усходнія Цэрквы працягваюць выкарыстоўваць юліянскі каляндар. З-за гэтага даты Вялікадня часта не супадаюць. Але сёлета, у юбілейную гадавіну Нікейскага Сабора, ўсе хрысціянскія Цэрквы будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень – 20 красавіка. Гэта ўспрымаецца як знамянальны і прароцкі знак і надзея на тое, што ў будучыні ўсе хрысціяне будуць адзначаць гэта свята ў адзін дзень.

Акрамя экуменічнага, з Нікейскім саборам звязаны яшчэ адзін важны аспект. Яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя кардынал Ёзэф Ратцынгер назваў сапраўдным выклікам хрысціянству “новае арыянства”: некаторыя людзі прызнаюць Езуса вялікім чалавекам, рэвалюцыянерам, выбітным настаўнікам, але не Богам.

З другога боку, існуе і процілеглая рызыка – некаторым цяжка прызнаць поўную чалавечнасць Езуса, які мог адчуваць стомленасць, смутак, пачуццё пакінутасці і нават гнеў. Сын Божы цалкам раздзяліў чалавечую долю, дазволіўшы рэальнасці параніць сябе, спачуваў тым, хто пакутаваў, дапамагаў бедным. Такім чынам, у Ім мы бачым адлюстраванне таго, што значыць быць чалавекам, і адначасова – адлюстраванне магутнасці Бога, які сышоў да нас, каб быць побач і збавіць нас.

04 красавіка 2025, 11:03