Віцэ-прэзідэнт ЗША здзейсніў візіт у Ватыкан
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, падчас сардэчных перамоў была выказана задаволенасць добрымі двухбаковымі адносінамі паміж Апостальскай Сталіцай і ЗША, а таксама пацверджана агульная прыхільнасць да абароны права на свабоду веравызнання і сумлення. Бакі абмяняліся меркаваннямі адносна міжнароднай сітуацыі, асабліва ў краінах, якія пакутуюць ад войнаў, палітычнай нестабільнасці і цяжкіх гуманітарных праблем. Асаблівая ўвага была нададзена становішчу мігрантаў, бежанцаў і зняволеных. Абмяркоўваліся таксама іншыя тэмы, якія закранаюць узаемныя інтарэсы бакоў.
Напрыканцы сустрэчы была выказана надзея на мірнае і плённае супрацоўніцтва паміж уладамі ЗША і Каталіцкім Касцёлам, чыя каштоўная праца на карысць найбольш уразлівых груп насельніцтва атрымала прызнанне і высокую ацэнку.
Візіт Вэнса ў Ватыкан адбыўся ў межах замежнага падарожжа віцэ-прэзідэнта, які ўжо наведаў Італію на шляху ў Індыю. Увечары Вялікай пятніцы Джэймс Дэвід Вэнс разам з сям’ёй прыняў удзел ва ўрачыстай Літургіі Мукі Пана, якая прайшла ў Саборы Святога Пятра ў Ватыкане.