Абвешчаны візіт віцэ-прэзідэнта ЗША ў Ватыкан
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймс Вэнс з афіцыйным візітам наведае Ватыкан і сустрэнецца з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Згодна з афіцыйным паведамленнем Белага дома ад 16 красавіка 2025 года, віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймс Вэнс здзейсніць афіцыйны візіт у Італію, дзе адной з галоўных падзей стане сустрэча ў Ватыкане. Адзін з акцэнтаў візіту зроблены на перамовах з кардыналам П'етра Паралінам, паведамляецца ў афіцыйным рэлізе.
Сустрэча падкрэслівае важнасць касцельна-дзяржаўнага дыялогу, а таксама ролю Святога Пасада як глабальнага маральнага аўтарытэта і ўплывовага партнёра ў галіне міжнародных адносін і дыпламатыі.
Праца з кіраўніцтвам Святога Пасада заўсёды разглядаецца як магчымасць “абмеркаваць агульныя эканамічныя і геапалітычныя прыярытэты”, падкрэсліваецца ў паведамленні Белага дома.
17 красавіка 2025, 10:23