MAP

Хрост. Ілюстрацыйнае фота Хрост. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дыкастэрыя растлумачыла забарону на выдаленне запісаў аб хросце

Дыкастэрыя па заканадаўчых тэкстах выдала тлумачальную ноту, якая пацвярджае немагчымасць змяняць або выдаляць запісы ў парафіяльных кнігах хростаў, акрамя выпраўлення памылак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кананічнае права выразна забараняе выдаляць або змяняць запісы ў парафіяльных рэгістрах хростаў, акрамя выпадкаў памылак пры занясенні інфармацыі. Пра гэта гаворыцца ў тлумачальнай ноце, апублікаванай Дыкастэрыяй па заканадаўчых тэкстах ад 7 красавіка 2025 года. Яна была абнародавана 17 красавіка 2025 года.

Рэгістр хростаў – гістарычны дакумент, а не спіс вернікаў

Дакумент падкрэслівае, што рэгістр хростаў не з'яўляецца проста "спісам членаў Касцёла" – ён ўяўляе сабой афіцыйную рэгістрацыю гістарычнага факта ўдзялення сакрамэнту і служыць для пацвярджэння сапраўднасці здзейсненых у мінулым сакрамэнтальных дзеянняў.

"Рэгістр хростаў уяўляе сабой аб'ектыўнае сведчанне сакрамэнтальных дзеянняў, здзейсненых Касцёлам гістарычна. Гаворка ідзе пра касцельныя гістарычныя факты, якія неабходна ўлічваць дзеля адміністрацыйна-душпастырскага парадку, з тэалагічных прычын, для юрыдычнай бяспекі, а таксама для магчымай абароны правоў закранутай асобы і трэціх асоб", - адзначаецца ў дакуменце.

Адмова ад Касцёла не вядзе да выдалення запісаў

У тлумачальнай ноце асабліва падкрэсліваецца, што нават афіцыйная адмова асобы ад прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла не можа прывесці да выдалення запісаў пра ўдзеленне сакрамэнту. У гэтым выпадку ў рэгістры можа быць зроблены дадатковы запіс пра "фармальны акт адыходу ад Каталіцкага Касцёла" ('actus formalis defectionis ab Ecclesia Catholica').

"Рэгістр хростаў мае на мэце выключна засведчыць гістарычны касцельны факт, ён не прызначаны для пацвярджэння рэлігійнай веры асобных людзей або таго, што хтосьці з'яўляецца членам Касцёла. Фактычна, атрыманыя сакрамэнты і зробленыя запісы ніякім чынам не абмяжоўваюць свабодную волю тых хрысціянскіх вернікаў, якія вырашаюць пакінуць Касцёл", - тлумачыць дакумент.

Неабходнасць захавання запісаў для сакрамэнтальнай практыкі

Дыкастэрыя паясняе, што захаванне запісаў у рэгістры хростаў неабходна для нармальнага функцыянавання ўсёй сакрамэнтальнай практыкі Касцёла. Хрост з'яўляецца ўмовай для прыняцця іншых сакрамэнтаў, і без дакументальнага пацвярджэння яго атрымання было б немагчыма ўдзяліць чалавеку іншыя сакрамэнты.

"Калі б Касцёл не меў гэтых агульных правіл аб абавязковай рэгістрацыі хросту, Касцёлу было б немагчыма ажыццяўляць сакрамэнтальную дзейнасць, паколькі сапраўднае прыняцце сакрамэнтаў патрабуе ўпэўненасці ў прыняцці хросту. Служыцель не можа дазволіць цэлебрацыю іншых сакрамэнтаў, калі не пацверджана прыняцце хросту", - падкрэслівае дакумент.

Пад тэкстам ноты стаяць подпісы прэфекта Дыкастэрыі кардынала Філіпа Янонэ і яе сакратара біскупа Хуана Ігнасіа Арыеты.
 

17 красавіка 2025, 13:29