MAP

Ватыкан на Біенале архітэктуры: разважанне пра калектыўны інтэлект

Святы Пасад у трэці раз возьме ўдзел у Біенале архітэктуры, якая з 10 мая па 23 лістапада 2025 года пройдзе ў Венецыі. Павільён размесціцца ў старажытным Комплексу Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, які калісьці быў домам для пілігрымаў на шляху ў Святую Зямлю.

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 красавіка 2025 года ў Ватыкане адбылася прэс-канферэнцыя, на якой прадставілі праект павільёна Святога Пасада на Венецыянскай біенале архітэктуры. У прэзентацыі ўзялі ўдзел кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса, прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, а таксама куратары праекта Марына Атэра Вержэ і Джавана Забоці.

У гэтым годзе павільён Святога Пасада атрымаў назву "Адкрыты твор" ("Opera Aperta"). Галоўная мэта праекта – ініцыяваць працэсы рэстаўрацыі і дыялогу, у якіх архітэктура становіцца спосабам клопату пра людзей і супольнасці. Па словах кардынала Мендонсы, важна “не займаць прастору, а распачынаць працэсы”. Экспазіцыя імкнецца стаць жывым культурным і сацыяльным праектам.

Адкрытая рэстаўрацыйная пляцоўка

"Opera Aperta" – гэта калектыўны рэстаўрацыйны праект, у якім удзельнічаюць архітэктурныя студыі з Мексікі, Іспаніі, Аўстрыі, Італіі, а таксама прадстаўнікі Святога Пасада. Старажытны будынак Комплексу Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Casa di Santa Maria Ausiliatrice), які шмат гадоў пуставаў, будзе адноўлены не толькі як фізічная прастора. Тут адродзяцца і сацыяльныя сувязі: загучыць музыка, з’явяцца мастацкія ініцыятывы, адкрытыя майстэрні і месцы для моладзі. “Гэта прастора будзе напоўнена музыкай, рэстаўрацыяй, архітэктурай, але перадусім – людзьмі: асацыяцыямі, наведвальнікамі, супольнасцямі”, - патлумачыла куратар Джавана Забоці.

Павільён як жывы арганізм

Маладыя музыканты з Венецыі і ўсяго свету змогуць атрымаць у павільёне інструменты і выканаць на іх музычныя творы, а некаторыя рэстаўрацыйныя працы, у тым ліку аднаўленне алтара XVIII стагоддзя, будуць праходзіць на вачах у публікі. Павільён будзе часткова накрыты вялікім “покрывам” – своеасаблівай "павязкай на ране", як у хворага, які праходзіць лячэнне. Гэта сімвал таго, што будынак знаходзіцца ў працэсе аздараўлення. Галоўная ідэя – паказаць, што архітэктура – гэта не толькі пра сцены і дах, але і пра адносіны паміж людзьмі, клопат пра супольнасць і прыроду.

Праект павільёна Святога Пасада на Венецыянскай біенале архітэктуры - 2025
Праект павільёна Святога Пасада на Венецыянскай біенале архітэктуры - 2025

Калектыўны інтэлект

Тэма сёлетняга Біенале архітэктуры – "Intelligens". Яна заклікае паразважаць пра інтэлект у шырокім сэнсе, не толькі пра штучны інтэлект, але і пра розныя формы інтэлекту, такія як чалавечы, прыродны, калектыўны. Павільён Святога Пасада – гэта разважанне пра калектыўны інтэлект, які часта ігнаруецца, але мае фундаментальнае значэнне. Разам людзі могуць быць разумнейшымі, больш чулымі, больш творчымі. Гэтая ідэя была натхнёная энцыклікай Laudato si’, якой у гэтым годзе спаўняецца дзесяць гадоў, - патлумачыў кардынал Таленціна дэ Мендонса.

Праект павільёна Святога Пасада на Венецыянскай біенале архітэктуры - 2025
Праект павільёна Святога Пасада на Венецыянскай біенале архітэктуры - 2025
10 красавіка 2025, 11:56