MAP

Кадр з фільма The Chosen: Апошняя вячэра Кадр з фільма The Chosen: Апошняя вячэра  (ANSA)

У Ватыкане прайшоў паказ фільма “The Chosen: Апошняя Вячэра”

2 красавіка 2025 года ў Ватыканскай фільматэцы прайшоў паказ фільма “The Chosen: Апошняя Вячэра”. Стужка адкрывае пяты сезон знакамітага серыяла, прысвечаны падзеям Вялікага тыдня. Яго першыя эпізоды выйдуць у кінатэатрах 40 краін свету 10 красавіка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У спецыяльным ватыканскім паказе, які папярэднічаў сусветнай прэм’еры новага сезону серыяла, прыняла ўдзел амерыканская актрыса Элізабэт Тэбіш, выканаўца ролі Марыі Магдалены.

“The Chosen” (“Выбраны”) – адзін з самых папулярных серыялаў у свеце, перакладзены на 50 моў. Ён расказвае пра жыццё Езуса Хрыста, апосталаў і людзей, якія іх акружалі. Яго рэжысёр, аўтар сцэнарыя і прадзюсар – Далас Джэнкінс.

Серыял ствараецца з 2017 года дзякуючы ахвяраванням. На гэты момант выйшла ўжо чатыры сезоны. Іх паглядзелі больш за 280 мільёнаў чалавек, а асобныя эпізоды набралі 900 мільёнаў праглядаў. На сацыяльныя сеткі серыяла падпісана больш за 17 мільёнаў чалавек.

“Гэты поспех сведчыць пра тое, што Святое Пісанне, і асабліва жыццё Езуса, застаюцца актуальнымі і сёння”, - адзначыў перад паказам у Ватыканскай фільматэцы мансеньёр Лусіа Адрыян Руіс, сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі. Ён таксама падкрэсліў, што стужка дазваляе зацікавіць евангельскім пасланнем надзеі нават моладзь.
 

03 красавіка 2025, 10:40