У Ватыкане будзе выстаўлена хустка святой Веранікі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Хустка святой Веранікі лічыцца адной з самых каштоўных рэліквій Мукі Пана. Паводле традыцыі, жанчына выцірала ёй твар Езуса, калі Ён нёс крыж на Галгофу. Адбітак Яго акрываўленага аблічча застаўся на тканіне. Рэліквія захоўваецца ў Базіліцы Святога Пятра і будзе выстаўлена для адарацыі ў бліжэйшую нядзелю.
У гэты дзень у ватыканскай базіліцы адбудзецца велікапоснае “statio” – набажэнства ў рамках традыцыйнай пілігрымкі вернікаў у адзін з стацыйных касцёлаў Рыма. Паводле старадаўняга звычая, кожны дзень Вялікага посту вернікі і пілігрымы наведваюць розныя рымскія храмы, дзе захоўваюцца рэліквіі святых і пакутнікаў.
Выстаўленне рэліквіі адбудзецца ў 18:00, падчас літаніі, пасля таго як вернікі пройдуць праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра. Рэліквія, вядомая таксама як Святое Аблічча, будзе выстаўлена ў Лоджыі святой Веранікі. Пасля гэтага адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр ватыканскага сабора. У Эўхарыстыі могуць прыняць удзел усе жадаючыя.
Культ Святога Аблічча ўзнік у 1849 годзе, калі ўрачыста выстаўленая ў Базіліцы Святога Пятра хустка святой Веранікі нечаканым чынам набыла жывыя колеры і выразнасць. Падзея атрымала шырокі рэзананс у многіх краінах свету і паспрыяла аднаўленню культу Святога Аблічча.
Выстаўленне рэліквіі ў Ватыкане стане значнай падзеяй для ўсіх католікаў, якія імкнуцца ўзмацніць сваю веру і перажыць духоўную еднасць з Панам у перыяд Вялікага посту.