У Ватыкане адбудзецца ўрачыстае адкрыццё дзіцячых ясляў
У наступны панядзелак, 14 красавіка 2025 года, у Ватыкане пройдзе ўрачыстае адкрыццё новых дзіцячых ясляў “Святы Францішак і святая Клара”. Памяшканні садка асвеціць кардынал Фернанда Вергес Альсага, былы старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
Марыя Валодзіна - Vatican News
У мерапрыемстве прымуць удзел сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата, два генеральныя сакратары, арцыбіскуп Эміліа Напа і адвакат Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі, а таксама каардынатар капеланаў, ксёндз Франка Фантана.
Новыя яслі былі створаны для дзяцей ватыканскіх супрацоўнікаў ва ўзросце ад трох месяцаў да трох гадоў. Дзетак чакаюць спецыяльна падрыхтаваныя памяшканні з абсталяваннем, неабходным для адукацыйных заняткаў і сацыялізацыі. Дапамагаць ім у развіцці і вучобе будзе прафесійная каманда выхавацеляў.
Установа будзе працаваць пяць дзён на тыдзень: з панядзелка па пятніцу з 07:30 да 18:30. Заняткі будуць праводзіцца на дзвюх мовах: італьянскай і англійскай.
08 красавіка 2025, 13:12