Святы Пасад: першая інфармацыя пра развітанне з Папам Францішкам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Перанос цела Святога Айца ў ватыканскую базіліку для ўшанавання ўсімі вернікамі можа адбыцца ў сераду раніцай, 23 красавіка, у адпаведнасці з парадкам, які будзе вызначаны і абвешчаны заўтра, пасля першай кангрэгацыі кардыналаў”, - заявіў 21 красавіка 2025 года Матэа Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў.
Абрад канстатацыі смерці Пантыфіка і пакладання цела ў труну распачнецца 21 красавіка 2025 года а 20.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе ў Доме святой Марты. Яго ўзначаліць кардынал Кэвін Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла. Да ўдзелу ў абрадзе запрошаны дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Джавані Батыста Рэ, сваякі Пантыфіка, а таксама дырэктар і намеснік дырэктара Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан.