MAP

Благаслаўлёны Карла Акуціс Благаслаўлёны Карла Акуціс  (ANSA)

Святы Пасад: пераносіцца кананізацыя Карла Акуціса

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што ў сувязі са смерцю Папы Францішка кананізацыя благаслаўлёнага Карла Акуціса ў бліжэйшыя дні праводзіцца не будзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падзея была запланавана на 27 красавіка 2025 года, ІІ Велікодную нядзелю або Нядзелю Божай Міласэрнасці. Яна павінна была стаць кульмінацыяй Юбілею падлеткаў – рымскай сустрэчы тысяч юнакоў і дзяўчат з усяго свету з нагоды Святога 2025 года.

Юбілейная пілігрымка моладзі адбудзецца, але ў яе праграму былі ўнесены змены: акрамя ўрачыстага абвяшчэння святым благаслаўлёнага Карла Акуціса, быў адменены святочны канцэрт. Новая дата кананізацыі пакуль не паведамляецца

Увечары 21 красавіка ў рымскай Базіліцы Святога Яна на Латэране – катэдральным касцёле Рыма – адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі спачылага Пантыфіка. Літургію ўзначаліць кардынал Бальдасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.

Жалобу ў сувязі са смерцю Святога Айца абвясцілі ўлады Вечнага горада. Былі адменены ўсе публічныя мерапрыемствы, запланаваныя на бліжэйшыя дні з нагоды святкавання 2778-годдзя з дня заснавання Рыма. У гэты час не будуць праводзіцца і футбольныя матчы італьянскага чэмпіянату.
 

21 красавіка 2025, 13:46