MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Шалёныя і благаслаўлёныя: жанчыны, якія змянілі гісторыю

Новы нумар “Donne Chiesa Mondo” даследуе, як жанчыны выкарыстоўвалі прыпісанае ім "шаленства" як прастору для свабоды і змен у грамадстве і Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выйшаў красавіцкі нумар ватыканскага штомесячніка “Donne Chiesa Mondo” пад назвай "Шалёныя і благаслаўлёныя". На вокладцы змешчана праца мастачкі Лючыі Ла Руса "Месяц", якая візуальна падкрэслівае асноўную тэму нумара.

Шаленства як прастора свабоды

"Калі жанчына гаворыць занадта гучна, асмельваецца казаць нязручную праўду, кідае выклік усталяванаму парадку, яе часта называюць "шалёнай", - гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле штомесячнага дадатку да ватыканскай газеты "L'Osservatore Romano". Гэты ярлык стагоддзямі выкарыстоўваўся для дыскрэдытацыі жаночых галасоў, але многія жанчыны здолелі ператварыць яго ў інструмент змен.

Выданне прыводзіць прыклады такіх "шалёных": жанчын, якія парушалі мафіёзную змову маўчання; аргенцінскіх маці, якія патрабавалі вяртання зніклых дзяцей; містычак, чые візіі выяўлялі глыбокую духоўнасць.

Чатыры "шалёныя", якія сталі Дактарамі Касцёла

Чатыры з гэтых містычак – Хільдэгарда Бінгенская, Кацярына Сіенская, Тэрэза Авільская і Тэрэза з Лізьё – сёння ўганараваны тытулам Доктара Касцёла. Сярод 37 асоб, якім Каталіцкі Касцёл прысвоіў гэты тытул, толькі чатыры – жанчыны. Іх "шаленства" – экстазы, візіі, незвычайныя духоўныя практыкі – стала шляхам да глыбокага тэалагічнага разумення, якое Касцёл урэшце прызнаў як аўтэнтычнае.

Біблістка Марынэла Пероні звяртае ўвагу на жанчын у раннім хрысціянстве, у прыватнасці на першых сведак уваскрасення Хрыста.

Словы, палічаныя трызненнем

Марыя Магдалена і іншыя жанчыны, якія прыйшлі да магілы і знайшлі яе пустой, прынеслі незвычайную навіну апосталам, якія спачатку, як чытаем у Евангеллі паводле Лукі, не паверылі гэтым словам і палічылі іх трызненнем. Гэта адзін з першых прыкладаў, калі жаночае сведчанне было адкінута як "шаленства", хоць менавіта яно і было праўдай.

Часопіс таксама распавядае пра "юродзівых" з рускай традыцыі і жанчын, якіх лічылі ерэтычкамі за іх уласнае разуменне веры.

Цана за смеласць

"За сваю смеласць шматлікія жанчыны заплацілі высокую цану: іх праследавалі, кідалі ў турмы, катавалі, спальвалі на вогнішчах", - адзначаецца ў часопісе. Іншых зачынялі ў псіхіятрычных установах, падвяргалі жорсткаму "лячэнню", пазбаўлялі годнасці і голасу. Грамадства ўсімі спосабамі імкнулася абараніцца ад гэтых неспакойных сумленняў.

Нягледзячы на жорсткі пераслед, некаторыя жанчыны здолелі ператварыць стыгму ў мастацтва.

Ад стыгмы да творчасці

Сярод іх – мастачкі Яёі Кусама і Карол Рама, пра якіх піша Джорджыя Кало, а таксама паэтка Альда Мэрыні, якая перажыла некалькі цёмных перыядаў з прычыны псіхічнага расстройства, але стварыла ўнікальную паэзію, прасякнутую глыбокай духоўнасцю.

Выданне “Donne Chiesa Mondo”, якое выйшла 5 красавіка 2025 года, заклікае пераасэнсаваць паняцце "шаленства" і ўбачыць у ім крыніцу свабоды, творчасці і духоўнага пошуку, які часта вёў да сапраўдных грамадскіх і рэлігійных перамен.
 

05 красавіка 2025, 11:52