MAP

Юбілей 2025 года: новы пешы маршрут да Базілікі Святога Пятра

Новы пешы маршрут, які злучае рымскі чыгуначны вакзал "Станцыя Святога Пятра" і Ватыкан, быў урачыста адкрыты 5 красавіка 2025 года ў межах святкавання Юбілею.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

"Станцыя Святога Пятра" (Stazione San Pietro) знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад Ватыкана. Гэтым чыгуначным прыпынкам карыстаюцца многія пілігрымы, што накіроўваюцца ў Базіліку Святога Пятра з розных частак Рыма і навакольных мястэчак.

Новая пешая сцежка, што вядзе ад вакзала да галоўнага храма каталіцкага свету, пралягае праз маляўнічы "Язмінавы праменад" (Passeggiata del Gelsomino) з цудоўным відам на купал ватыканскага сабора і ўключае ў сябе некалькі навакольных вуліц і плошчаў.

Цягам некалькіх апошніх месяцаў была праведзена рэканструкцыя гарадской інфраструктуры ўздоўж усяго маршруту. На рэалізацыю праекта было выдзелена 2,6 мільёна еўра.

Маштабныя работы ўключалі пашырэнне тратуараў, абнаўленне дарожнага пакрыцця і сістэмы асвятлення, усталяванне ахоўных агароджаў, рэканструкцыю паркавых зон і азеляненне тэрыторыі. Асаблівая ўвага была нададзена стварэнню безбар’ернага асяроддзя. На месцы паркоўкі каля ватыканскіх муроў, побач з рэзідэнцыяй Пантыфіка – "Домам Святой Марты", быў створаны невялікі сквер. Плануецца, што пілігрымы змогуць адпачыць там на новых лаўках у цені міжземнаморскіх дрэў.
 

07 красавіка 2025, 11:11