Рост смяротных пакаранняў: пазіцыя Касцёла застаецца нязменнай
Марыя Валодзіна - Vatican News
Згодна з статыстычнымі данымі Amnesty International, у 2024 годзе ў свеце было выканана 1518 смяротных пакаранняў. Гэта найвышэйшая зафіксаваная колькасць выпадкаў пачынаючы з 2015 года. Большасць пакаранняў – 1380 экзекуцый – прыйшліся на Іран, Ірак і Саудаўскую Аравію. Адсутнічаюць дакладныя лічбы з Кітая, Паўночнай Карэі і В’етнама, дзе верагодна, па-ранейшаму, здзяйсняюць тысячы смяротных пакаранняў у год. У ЗША зафіксаваныя 25 экзекуцый, што на 1 больш, чым у 2023 годзе. З іншага боку, 113 дзяржаў цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання, а 145 краін больш не ўжываюць яго на практыцы.
Эвалюцыя стаўлення Касцёла
За стагоддзі Каталіцкі Касцёл прайшоў доўгі шлях у сваім стаўленні да смяротнага пакарання. Каля 500 гадоў таму яно яшчэ разглядалася як магчымы спосаб справядлівага пакарання. У Катэхізісе Трыдэнцкага сабора суддзяў, якія выносілі смяротныя прысуды, называлі “выканаўцамі Боскага закона".
Але з цягам часу шэраг сацыяльных, палітычных, ментальных і прававых змен паўплывалі на гэта стаўленне. Напрацягу некалькіх апошніх пантыфікатаў Касцёл катэгарычна асуджае гэты від пакарання, дагэтуль шырока распаўсюджаны ў многіх краінах Афрыкі і Блізкага Усходу, а таксама ў ЗША. Касцёл сцвярджае, што кожны чалавек, якое б злачынства ён ні здзейсніў, мае годнасць і не павінен быць пазбаўлены надзеі на адкупленне.
Пазіцыя Францішка
У 2018 годзе Папа Францішак прыняў надзвычай важнае рашэнне: унёс змены ў пункт 2267 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які датычыць смяротнага пакарання. У новай рэдакцыі выразна гаворыцца, што смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо парушае недатыкальнасць і годнасць чалавека. Касцёл бярэ на сябе абавязацельства спрыяць яго адмене ва ўсім свеце.
Францішак не раз звяртаўся з заклікамі, прамовамі, відэапасланнямі, зваротамі да кіраўнікоў дзяржаў з просьбай спыніць смяротныя пакаранні. У сваёй юбілейнай буле Spes non confundit ён зноў заклікаў улады зрабіць канкрэтны жэст і адмяніць смяротнае пакаранне як меру, якая “супярэчыць хрысціянскай веры і знішчае ўсялякую надзею на прабачэнне і аднаўленне”. Кіраўнікі некаторых краін адгукнуліся на заклік Святога Айца. Пасля тэлефоннай размовы з Папам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыняў рашэнне замяніць 37 смяротных прысудаў на пажыццёвае турэмнае зняволенне.
Погляды папярэднікаў
Пазіцыя Францішка з'яўляецца вынікам шляху, распачатага яго папярэднікамі. Святы Ян Павел ІІ лічыў, што кожны чалавек мае права на жыццё “ад зачацця да натуральнай смерці”. У пасланні на свята Божага Нараджэння 1998 года ён заклікаў забараніць смяротнае пакаранне, а ў студзені 1999 года падчас візіту ў ЗША пацвердзіў, што ніводнаму чалавеку, нават таму, хто ўчыніў вялікае зло, нельга адмаўляць у годнасці, і назваў смяротнае пакаранне “жорсткай і бескарыснай практыкай”.
Папа Бэнэдыкт XVI у Кампендыі Катэхізіса 2002 года сцвярджаў, што “вынесенае пакаранне павінна быць прапарцыйна сур'ёзнасці злачынства”, што выпадкі абсалютнай неабходнасці смяротнага пакарання рэдкія, калі наогул існуюць, і заклікаў улады абмяжоўвацца тымі сродкамі пакарання, якія адпавядаюць прынцыпам чалавечай годнасці і не пазбаўляюць чалавека магчымасці адкупіць сваю віну.
Такім чынам, ужо тры Папы запар выразна і рашуча заклікаюць чалавецтва адмовіцца ад смяротнага пакарання.