Прароцтва міру Папы Вайтылы: 20 гадоў пасля
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мінула дваццаць гадоў з таго суботняга вечара 2 красавіка 2005 года, калі мільёны людзей па ўсім свеце аплаквалі смерць святога Яна Паўла II. У сваёй рэдактарскай калонцы Андрэа Тарніелі адзначае, што сёння Папу Вайтылу справядліва ўспамінаюць як вялікага абаронцу жыцця, чалавечай годнасці і рэлігійнай свабоды. Асабліва падкрэсліваецца яго антыкамунізм. Аднак, як заўважае італьянскі журналіст, мала хто памятае іншыя яго прароцкія павучанні, якія маюць асаблівую актуальнасць у сучасны змрочны перыяд гісторыі.
Чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы
У 2000 годзе, калі значная частка свету яшчэ жыла ў эйфарыі ад "канца гісторыі" пасля падзення Берлінскай сцяны, Пантыфік з Польшчы прывёз на плошчу Святога Пятра статую Маці Божай Фацімскай і прамовіў словы, якія тады ніхто не зразумеў: "Чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы. Яно валодае сёння інструментамі нечуванай магутнасці: можа зрабіць з гэтага свету сад або ператварыць яго ў груду руінаў". Праз год трагедыя 11 верасня зноў пагрузіла Захад у страх.
Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада нагадвае, што яшчэ ў 1991 годзе Ян Павел II выступіў супраць першай вайны ў Персідскім заліве і застаўся ў адзіноце, пакінуты тымі заходнімі лідарамі, якія яшчэ два гады таму ўзносілі яго ролю ў адносінах да краін Усходняй Еўропы. Папа яшчэ больш рашуча паўтарыў сваё "не" вайне ў 2003 годзе, калі на падставе фальшывых доказаў некаторыя заходнія краіны другі раз пачалі вайну супраць Ірака.
Ніколі больш вайны!
Папа Вайтыла, ужо хворы і знясілены хваробай Паркінсана, адчуў абавязак папярэдзіць тых "маладых" кіраўнікоў урадаў, якія прасоўвалі новую ваенную кампанію ў Персідскім заліве, нагадваючы ім жахі апошняй сусветнай вайны, якую ён, пажылы Наступнік Пятра, сын пакутніцкай нацыі, перажыў асабіста.
Ён дадаў экспромтам да тэксту малітвы "Анёл Панскі" гэты заклік: "Я належу да таго пакалення, якое перажыло Другую сусветную вайну і выжыла. Я абавязаны сказаць усім маладым, тым, хто маладзейшы за мяне, хто не меў гэтага досведу: "Ніколі больш вайны!"
Свет палае, а словы Папы Вайтылы гучаць як ніколі актуальна
У сваёй калонцы Тарніелі падкрэслівае, што сёння, у час, калі свет палае, дзяржавы спяшаюцца папоўніць арсеналы, а прапаганда стварае атмасферу трывогі і страху дзеля апраўдання велізарных інвестыцый у зброю, як ніколі раней неабходна памятаць тыя прароцкія словы Біскупа Рыма, які прыйшоў з "далёкай краіны". Гэтыя словы сёння паўтарае яго пераемнік, які таксама застаецца адзін у сваім закліку супраць вар'яцтва вайны.
У гэтыя дні Касцёл ва ўсім свеце ўспамінае 20-ю гадавіну адыходу ў вечнасць святога Яна Паўла II, чый пантыфікат стаў адным з самых доўгіх і найбольш уплывовых у гісторыі Касцёла.