Прапаведнік Папскага дома: уваскрасенне Хрыста і любоў, якая не згасае
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Найбольш натхняльны момант у жыцці Хрыста для нашага шляху вучняў, бясспрэчна, – гэта момант Яго ўваскрасення”, - сказаў прапаведнік Папскага дома, падкрэсліўшы, што, сузіраючы гэтую падзею, “настолькі вырашальную і таямнічую, мы можам зачэрпнуць святло, неабходнае для таго, каб скіраваць нашы крокі ў правільным напрамку”.
Разважаць над уваскрасеннем азначае не дазваляць страху перад цярпеннем і смерцю перамагчы нас, але скіроўваць позірк да мэты, да якой вядзе нас любоў Хрыста, - адзначыў ён.
Па словах капуцына, ідучы з Хрыстом да паўнаты жыцця, трэба вызваліцца ад пераканання, што немагчыма зноў падняцца пасля паражэнняў і няўдач, захаваць сэрца адкрытым і зноў даверыцца іншым – асабліва тым, хто нас параніў, але не змог разарваць сувязі, якая нас яднае.
Божы Сын, уваскрослы з памерлых, пакінуў цудоўнае сведчанне аб здольнасці любові адраджацца нават пасля вялікай паразы і працягваць свой няспынны шлях, - дадаў італьянскі законнік.
Айцец Пазаліні заўважыў, што пасля перанесеных пакут у людзей часта ўзнікаюць думкі аб помсце. Але ўваскрослы Езус не шукаў адплаты і сцвярджэння сваёй перавагі над тымі, хто быў вінаваты ці саўдзельнічаў у Яго смерці, а працягваў дарыць любоў. Вечнае жыццё, якое Айцец даў Сыну пасля смерці – гэта не іншая форма існавання, а працяг жыцця, настолькі напоўненага дабром, што нават смерць не змагла яго знішчыць, - сказаў прапаведнік. Ён таксама адзначыў важнасць гэтай праўды для штодзённага жыцця, падкрэсліўшы, што сапраўднае шчасце не залежыць ад абставінаў ці іншых людзей, але ад супакою, з якім мы прымаем тое, што нясе нам жыццё.
Заставацца свабоднымі нават у самых складаных адносінах з іншымі – адзіны спосаб аднавіць магчымасць жыцця праз сапраўднае прабачэнне, здольнае аднавіць сувязі, пашкоджаныя часам і грахом. Толькі так, без злобы і крыўды, чалавек становіцца сведкам той вялікай любові, якую не могуць пагасіць ні вада, ні смерць, - сказаў айцец Пазаліні.