Францішак заклікае епіскапаты падтрымаць Латэранскі ўніверсітэт
Марыя Валодзіна - Vatican News
Яшчэ да шпіталізацыі ў снежні 2024 года Францішак накіраваў біскупам усяго свету . Пасланне было даслана ў нунцыятуры для далейшай перадачы ў епіскапаты і асобным біскупам.
У лісце Святы Айцец нагадвае аб тым, што “пастаянны і абноўлены імпульс евангелізацыі, які натхняе місію Касцёла ў розных і заўсёды новых кантэкстах, немагчымы без трывалай і кваліфікаванай тэалагічнай і духоўнай падрыхтоўкі". Па словах Пантыфіка, месцамі, пакліканымі стаць “культурнымі лабараторыямі”, дзе можа развівацца хрысціянская думка, з’яўляюцца касцёльныя ўніверсітэты і факультэты, распаўсюджаныя сёння на ўсіх кантынентах. Аднак асабліва важную ролю адыгрываюць Папскія акадэмічныя ўстановы ў Рыме, якія ўжо шмат стагоддзяў займаюцца навуковымі даследаваннямі і падрыхтоўкай спецыялістаў для ўсяго Касцёла.
Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на Папскі Латэранскі ўніверсітэт, які ўжо больш за 250 гадоў ажыццяўляе адукацыйную дзейнасць. За асаблівую сувязь з Пантыфікамі ён носіць ганаровы тытул “Універсітэт Біскупа Рыма”.
Папа заклікаў дыяцэзіі, манаскія інстытуты і свецкія супольнасці накіроўваць студэнтаў у рымскія Папскія ўніверсітэты і на факультэты, надаючы асаблівую ўвагу Латэранскаму ўніверсітэту, дзе моладзь атрымлівае грунтоўныя веды па філасофіі, тэалогіі, душпастырству, кананічнаму і грамадзянскаму праву, навуках аб міры і экалогіі. Калі ж няма магчымасці накіроўваць студэнтаў у Рым, “прашу вас удзельнічаць у адукацыйнай місіі Касцёла, падтрымліваючы Латэранскі ўніверсітэт з дапамогай даследчых праектаў, стыпендый і іншых ініцыятыў”, - заключыў Святы Айцец.
У адказ на ліст падтрымкі Францішка Папскі Латэранскі ўніверсітэт падрыхтаваў серыю мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў бліжэйшы час. 15 мая 2025 года у яго сценах пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй, на якім будучым студэнтам прадставяць факультэты, навучальныя праграмы і структуру Універсітэта. У той жа дзень адбудзецца канферэнцыя на тэму “Сучасны выкладчык тэалогіі”, арганізаваная тэалагічным факультэтам. Акрамя таго, 28 красавіка 2025 года пройдзе Дзень даследавання тэмы “Нікейскі сабор і самасвядомасць Касцёла”, прысвечаны 1700-годдзю сабора, на якім быў сфармуляваны Сімвал веры. Багатая акадэмічная і культурная праграма ўніверсітэта прапануе яшчэ два важныя мерапрыемствы: 10 красавіка 2025 года пройдзе Дзень сінадальнасці, а 6 мая – канферэнцыя, прымеркаваная да 50-годдзя Хельсінкскіх пагадненняў.
У 2023-2024 навучальным годзе ў Папскім Латэранскім універсітэце навучалася 1137 студэнтаў і працавала 139 выкладчыкаў. У яго структуру ўваходзяць факультэты тэалогіі і філасофіі, Інстытут права, факультэты кананічнага і грамадзянскага права, Інстытут душпастырства "Redemptor Hominis", спецыяльныя курсы па навуках аб міры і міжнародным супрацоўніцтве, а таксама па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя. Таксама ў склад універсітэта ўваходзяць некаторыя інстытуты, такія як Папскі інстытут вышэйшай маральнай тэалогіі "Альфонсіяна", Папскі тэалагічны інстытут "Аўгусцініянум" і Папскі інстытут тэалогіі кананічнага жыцця "Кларэціянум".